Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прысва́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прысватаць.

прысве́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прысвяціць.

прысві́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да прысвістваць.

пры́свіст, ‑у, М ‑сце, м.

1. Гук свісту, які суправаджае асноўны гук або наогул якое‑н. дзеянне. За сценкай па-ранейшаму чуўся храп з прысвістам, прыглушанае мармытанне. Даніленка. [Юлій] прыкметна пастарэў, кашляе глуха, з прысвістам. Жычка. Над дубамі нізка праляцеў бусел, напружана, з прысвістам, махаючы крыламі. Дуброўскі.

2. Свіст, які суправаджае спевы, танцы і пад. Самы спрытны і фарсісты [хлопец] Выйшаў, тупае з прысвістам Ля красуні маладой. Ляпёшкін. Думаў Вася мо хвіліну. Потым з прысвістам, з прыпевам Кінуўся і сам На дрэва. Вітка.

прысві́стваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Суправаджаць свістам спевы, танцы; пасвістваць (у такт чаму‑н.). Янка браўся рукою за падагнутую нагу Лабановіча, а Лабановіч за Янкаву, а на другой назе яны скакалі, як вар’яты, прысвістваючы або падпяваючы ў такт скокам. Колас.

2. Пасвістваць, свістаць. Аслабелы Шнураў, седзячы на канапе, захроп, прысвістваючы. Гурскі. Цёхкае салавей, прысвіствае дрозд і, як заўсёды, укладае некага спаць перапёлка. Сачанка. У полі моцна прысвістваў сыраваты вецер, балюча секлі твар сняжынкі. Мыслівец.

3. Гаварыць з прысвістам.

прысво́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прысвоіць.

прысво́іць, ‑свою, ‑своіш, ‑своіць; зак., каго-што.

1. Зрабіць што‑н. чужое сваёй уласнасцю. Кожны тыдзень, а то і два разы на тыдні Арцём вазіў дровы ў Глыбокае, і ўсё ішло добра. Ён быў вельмі сумленны хлопец і ні разу не прысвоіў сабе гроша. Машара. — [Еўдакія] хітрая, можа забраць, прысвоіць, а надзець, так хутка не надзене. Кулакоўскі. Аднойчы .. [Іван], прабраўшыся ў друкарскі цэх, дацягнуўся да наборнай касы і прысвоіў поўную жменю літар. Навуменка. // Выдаць за сваё, прыпісаць сабе што‑н. — Змог жа Марконі прысвоіць вынаходства Нанова і пажыць мільёны. Зуб.

2. Надзяліць чым‑н., даць што‑н. (званне, імя, чын і пад.). Прысвоіць званне ўдарніка камуністычнай працы. □ Паслаў .. [Заслонаў] Жэню ў дэпо вучыцца на слесара, а праз два месяцы яму прысвоілі трэці разрад. Шчарбатаў. Неўзабаве [Лескаўцу] прысвоілі званне старшага лейтэнанта. Шамякін.

прысво́йванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прысвойваць — прысвоіць.

прысво́йвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да прысвойваць.

прысво́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прысвоіць.