прысво́іць, ‑свою, ‑своіш, ‑своіць; зак., каго-што.

1. Зрабіць што‑н. чужое сваёй уласнасцю. Кожны тыдзень, а то і два разы на тыдні Арцём вазіў дровы ў Глыбокае, і ўсё ішло добра. Ён быў вельмі сумленны хлопец і ні разу не прысвоіў сабе гроша. Машара. — [Еўдакія] хітрая, можа забраць, прысвоіць, а надзець, так хутка не надзене. Кулакоўскі. Аднойчы .. [Іван], прабраўшыся ў друкарскі цэх, дацягнуўся да наборнай касы і прысвоіў поўную жменю літар. Навуменка. // Выдаць за сваё, прыпісаць сабе што‑н. — Змог жа Марконі прысвоіць вынаходства Нанова і пажыць мільёны. Зуб.

2. Надзяліць чым‑н., даць што‑н. (званне, імя, чын і пад.). Прысвоіць званне ўдарніка камуністычнай працы. □ Паслаў .. [Заслонаў] Жэню ў дэпо вучыцца на слесара, а праз два месяцы яму прысвоілі трэці разрад. Шчарбатаў. Неўзабаве [Лескаўцу] прысвоілі званне старшага лейтэнанта. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)