Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыро́бак, ‑бку, м.

Разм. Тое, што і прыработак. [Адам:] — Узяліся за работу, я табе кажу, як чэрці... Цяпер у нас, з усімі прыробкамі, амаль паўтары сотні. Мыслівец.

прыро́бка, ‑і, ДМ ‑бцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. прыробліваць — прырабіць (у 1 знач.).

прыро́блены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прырабіць.

прыро́бліванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. прыробліваць — прырабіць (у 1 знач.).

прыро́блівацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прырабіцца.

2. Зал. да прыробліваць.

прыро́бліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прырабіць.

прыро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Усё існае на зямлі, не створанае дзейнасцю чалавека; увесь свет у разнастайнасці яго форм. Законы прыроды. Пераўтварэнне прыроды. З’явы прыроды. □ Нейкі няўлоўны подых блізкай восені ўжо адчуваўся ў прыродзе. С. Александровіч. Бацька працаваў прарабам па лесасплаву і лесанарыхтоўках і навучыў мяне любіць прыроду. Агняцвет. // Сукупнасць асаблівасцей якой‑н. мясцовасці (рэльеф, раслінны і жывёльны свет, кліматычныя ўмовы і пад.). Сібірская прырода. Паўднёвая прырода. □ [Алена] зразумела яго захапленне дзівоснай прыродай Урала. Шамякін. // Разм. Мясцовасць па-за горадам. Выехаць на прыроду.

2. Сукупнасць, асноўныя якасці, уласцівасці каго‑, чаго‑н. Прырода атама. Чалавечая прырода. Прырода сацыялістычнага ладу. □ Ужо такая і ёсць прырода ў савецкай машыны, што любіць гэта машына прастор. Брыль. // Паходжанне. Прырода маланкі. Вірусная прырода захворвання.

•••

Ад прыроды, з прыроды — ад нараджэння, з пачатку існавання. Ад прыроды слабахарактарны, ..[Юрка] толькі пазіраў на Ніну і паціскаў у недаўменні плячамі. Ермаловіч. З прыроды Не дадзена яму [жуку] адчуць у мёдзе смак, Таму ён і не хваліць мёду. Корбан.

Гульня прыроды гл. гульня.

Мёртвая прырода — неарганічны свет (не жывёльны і не раслінны).

На лоне прыроды гл. лона.

прыродаапіса́льны, ‑ая, ‑ае.

Які апісвае прыроду, змяшчае ў сабе апісанне прыроды. Маляўнічая прыродаапісальная лірыка [Максіма Танка] здзіўляе і вабіць сваёй пластыкай. Бугаёў. Заўважым, што ў лірыцы Багушэвіча амаль няма прыродаапісальных, любоўных вершаў. Навуменка.

прыродазна́вец, ‑знаўца, м.

Спецыяліст па прыродазнаўству.

прыродазна́ўства, ‑а, н.

Сукупнасць навук аб з’явах і заканамернасцях прыроды.