прыро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Усё існае на зямлі, не створанае дзейнасцю чалавека; увесь свет у разнастайнасці яго форм. Законы прыроды. Пераўтварэнне прыроды. З’явы прыроды. □ Нейкі няўлоўны подых блізкай восені ўжо адчуваўся ў прыродзе. С. Александровіч. Бацька працаваў прарабам па лесасплаву і лесанарыхтоўках і навучыў мяне любіць прыроду. Агняцвет. // Сукупнасць асаблівасцей якой‑н. мясцовасці (рэльеф, раслінны і жывёльны свет, кліматычныя ўмовы і пад.). Сібірская прырода. Паўднёвая прырода. □ [Алена] зразумела яго захапленне дзівоснай прыродай Урала. Шамякін. // Разм. Мясцовасць па-за горадам. Выехаць на прыроду.

2. Сукупнасць, асноўныя якасці, уласцівасці каго‑, чаго‑н. Прырода атама. Чалавечая прырода. Прырода сацыялістычнага ладу. □ Ужо такая і ёсць прырода ў савецкай машыны, што любіць гэта машына прастор. Брыль. // Паходжанне. Прырода маланкі. Вірусная прырода захворвання.

•••

Ад прыроды, з прыроды — ад нараджэння, з пачатку існавання. Ад прыроды слабахарактарны, ..[Юрка] толькі пазіраў на Ніну і паціскаў у недаўменні плячамі. Ермаловіч. З прыроды Не дадзена яму [жуку] адчуць у мёдзе смак, Таму ён і не хваліць мёду. Корбан.

Гульня прыроды гл. гульня.

Мёртвая прырода — неарганічны свет (не жывёльны і не раслінны).

На лоне прыроды гл. лона.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)