Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыпіна́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да прыпінаць.

прыпіна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыпяць.

прыпіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыперціся.

2. Зал. да прыпіраць.

прыпіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыперці.

прыпі́саны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыпісаць.

прыпіса́цца, ‑пішуся, ‑пішашся, ‑пішацца; зак.

Запісаўшы сябе, стаць прылічаным куды‑н., да чаго‑н. Прыпісацца да прызыўнога ўчастка. Прыпісацца на пастаяннае месца жыхарства.

прыпіса́ць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак., каго-што.

1. Напісаць у дадатак да ўжо напісанага. Прыёмшчык у Максімавым лісце прыпісаў Тодарава прозвішча... Чорны. // Дадаць да якога‑н. афіцыйнага дакумента фальшывыя звесткі з якой‑н. карыслівай мэтай. Прыпісаць працэнты выканання плана. □ — Можа б калі і прыпісаў які працадзень, прыкладна, тваёй [Аўдулі] ці другому каму, дык, думаеш, можна? Ермаловіч.

2. Запісаўшы, унёсшы ў спіс, прылічыць, аднесці куды‑н., да чаго‑н. Да свайго надзелу прыпісаў Пракопавай [зямлі] больш як паўдзесяціны, і зямлі не абы-якой. Мележ. Потым князь забраў Данілу, Прыпісаў яго ў свой дом. Колас.

3. каму-чаму. Палічыць уласцівым каму‑н., зробленым кім‑н. «Навошта такі шум? Яшчэ, чаго добрага, усе дасягненні прыпішуць мне аднаму... А што пасля?» — з трывогай думаў.. [Анатоль]. Ваданосаў. [Марына:] — Калі я тых кароў баялася, як чарцей лазатых? Гэта ён сам, мабыць, баіцца, дык от і мне прыпісаў. Сабаленка. // Вытлумачыць што‑н. чым‑н., палічыць вынікам чаго‑н. Поспех акцёра прыпісалі яго прыгажосці.

4. Назначыць хвораму якое‑н. лячэнне; прапісаць. Рыгору Лявонавічу прыпісалі мікстуру і забаранілі размаўляць цэлы месяц. Пянкрат. Доктар прыпісаў .. [хворай] сонца, белы хлеб, малако і гародніну. Шамякін.

прыпі́сванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыпісваць — прыпісаць.

прыпі́свацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыпісацца.

2. Зал. да прыпісваць.

прыпі́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыпісаць.