прыпісаць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак., каго-што.
1. Напісаць у дадатак да ўжо напісанага. Прыёмшчык у Максімавым лісце прыпісаў Тодарава прозвішча... Чорны. // Дадаць да якога‑н. афіцыйнага дакумента фальшывыя звесткі з якой‑н. карыслівай мэтай. Прыпісаць працэнты выканання плана. ▪ — Можа б калі і прыпісаў які працадзень, прыкладна, тваёй [Аўдулі] ці другому каму, дык, думаеш, можна? Ермаловіч.
2. Запісаўшы, унёсшы ў спіс, прылічыць, аднесці куды‑н., да чаго‑н. Да свайго надзелу прыпісаў Пракопавай [зямлі] больш як паўдзесяціны, і зямлі не абы-якой. Мележ. Потым князь забраў Данілу, Прыпісаў яго ў свой дом. Колас.
3. каму-чаму. Палічыць уласцівым каму‑н., зробленым кім‑н. «Навошта такі шум? Яшчэ, чаго добрага, усе дасягненні прыпішуць мне аднаму... А што пасля?» — з трывогай думаў.. [Анатоль]. Ваданосаў. [Марына:] — Калі я тых кароў баялася, як чарцей лазатых? Гэта ён сам, мабыць, баіцца, дык от і мне прыпісаў. Сабаленка. // Вытлумачыць што‑н. чым‑н., палічыць вынікам чаго‑н. Поспех акцёра прыпісалі яго прыгажосці.
4. Назначыць хвораму якое‑н. лячэнне; прапісаць. Рыгору Лявонавічу прыпісалі мікстуру і забаранілі размаўляць цэлы месяц. Пянкрат. Доктар прыпісаў .. [хворай] сонца, белы хлеб, малако і гародніну. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)