Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыпая́цца, ‑яецца; зак.

Прымацавацца, прырабіцца да чаго‑н. паяннем. Драціна добра прыпаялася. □ Чаму не выскакваюць з танка? Немцаў паблізу няма. Можа, яшчэ ўдасца выратавацца. Хіба толькі ўсе яны [танкісты] смяртэльна паранены? Ці ад гарачыні прыпаяліся люкі? Беразняк.

прыпая́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.

1. Прымацаваць, прырабіць паяннем. — Добрыя жарты... Абарвецца які правадок, чым цяпер яго прыпаяеш?.. Паслядовіч. Там [на заводзе] на вашых вачах збяруць І матор, і сярэбраны радыятар, Да яго па малому зубру Прыпаяюць старанна дзяўчаты. Панчанка.

2. перан. Разм. Прызначыць якое‑н. пакаранне. Перад вайной Аркашку прыпаялі моцна — дзесяць гадоў за калектыўны крадзеж. Навуменка.

пры́пек, ‑а, м.

Тое, што і прыпечак (у 1, 2 знач.). На прыпеку затрашчалі ў агні трэскі, засквірчэла на патэльні сала. Паслядовіч. [Жонка] завінулася каля прыпека і падышла адтуль да стала з вялікай конаўкай чаю. Брыль. Цімох сядзеў на прыпеку. Выцягнуў з пячуркі скарчанелыя анучы, мяў іх і расціраў. Навуменка.

прыпе́рці, ‑пру, ‑прэш, ‑прэ; ‑пром, ‑праца; пр. прыпёр, ‑перла; зак.

1. каго-што. Напіраючы, прыціснуць да каго‑, чаго‑н. [Старац] падкруціў струны, прыпёр скрыпку да жывата і даў.. смыка па струнах. Чорны. Зноў мяне адціснулі ў куток, прыперлі да печкі. Грамовіч. // Загнаць да самай перашкоды, у месца, адкуль няма куды адступаць. Аказалася, што бой быў у хаце, і Сымон прыпёр Міколу ў куток. Колас. Не паддаваўся конь, а пасля прыпёр яго Саўка да самай рэчкі ў куток балота. Чорны. // перан. Паставіць у безвыходнае становішча. А цяпер прыперла Яначку вясна — ніяк не выкруцішся. Крапіва. — Ты б, скажам, да мяне прыйшоў, я — да цябе, дык не! Як прыпрэ што-небудзь, тады бяжыш да суседа. Чарнышэвіч.

2. каго-што. Разм. груб. Прынесці, прывезці, даставіць. [Ілья:] — Вечарам я табе прыпру цэлы пуд рыбы. Васілёнак. Пакуль бабёр паэму разглядаў, Вол зноў прынёс паэму, верш і доніс. А дні праз два — тры нарысы прыпёр. Корбан. — Дроў табе — дзве машыны прыпру! Ракітны.

3. Разм. груб. Прыйсці, прыбыць. — Не мог ты паўгадзіны ў царкве пабыць, памаліцца? Дык ты скарэй на балота, да чарцей пабег, а цяпер.. прычашчацца прыпёр? Не буду прычашчаць! — прамовіў а. Мадэст і павярнуўся з чашаю ўбок. Колас. // Прыйсці, сабрацца ў вялікай колькасці.

4. безас. Разм. груб. Вельмі захацецца; тэрмінова спатрэбіцца. — Так пільна прыперла са мною раіцца? Няма хіба з кім? — і Макар пакрыўджана ўсміхнуўся. Дуброўскі.

•••

Прыперці да сцяны (сценкі) каго — пазбавіць магчымасці адмаўляцца, адпірацца. [Поля:] — Перш рэплікі кідаў, а потым змоўк. Прыперлі да сцяны. Гурскі.

прыпе́рціся, ‑пруся, ‑прэшся, ‑прэцца; ‑промся, ‑працеся; пр. прыпёрся, ‑перлася; зак.

1. Абаперціся аб што‑н., прываліцца да чаго‑н., стаўшы або сеўшы дзе‑н. Прыперціся спінай да дзвярэй. □ Сцяпан кінуўся на двор, доўга чагосьці шукаў там, .. пасля знайшоў: прыпёрся ілбом да мокрага ствала старой ігрушы. Чорны. Падышоў. Сеў на вільготную зямлю, прыпёрся плячамі да шурпатай кары. Пянкрат. // Разм. Прысесці, прымасціцца. — Прыпрыся ж ты, вось хоць тут на зэдліку. Крапіва.

2. Разм. груб. Прыйсці, прыбыць. — Хіба ты не ведаеш майго нязгрэбу, — адказала сястра Магда. — Часам, як з прывязі сарваўшыся, першы прыпрэцца, а сёння хоць аглобляй падважвай... С. Александровіч. — І мая дачка, Жэня, старэйшая, там засталася. Сам я толькі здурнеў, прыпёрся з бежанства сюды. Брыль.

3. Разм. Знайсці сабе прыстанішча, прыстроіцца дзе‑н. — За плячыма павінна што-небудзь у чалавека быць, каб заўсёды прыперціся да чаго льга было... Чорны.

прыпе́рчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыперчыць.

прыпе́рчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.

Трохі насыпаць перцам. Прыперчыць боршч.

прыпе́ў, ‑певу, м.

1. Словы песні, якія паўтараюцца пасля кожнага куплета. Больш сотні здаровых галасоў.. гучна хваталі вясёлы прыпеў. Чорны.

2. Спевы, песня, якімі суправаджаецца што‑н. Думаў Вася мо хвіліну. Потым з прысвістам, з прыпевам Кінуўся і сам На дрэва. Вітка.

прыпе́ўка, ‑і, ДМ ‑пеўцы; Р мн. ‑певак; ж.

1. Кароткі, звычайна чатырохрадковы, фальклорны вершаваны твор лірычнага, злабадзённага або жартоўнага зместу, які выконваецца на пэўны матыў; частушка. Вясёлыя, задорныя прыпеўкі рэхам адгукаліся ў бары. Ваданосаў. Падай хто-небудзь прыклад — і яна пайшла б каля агню ў скокі, падхапіла б самую развясёлую песню, самыя вострыя прыпеўкі. Кулакоўскі.

2. Тое, што і прыпеў (у 1 знач.). З ракі прыляцела раптам прыпеўка папулярнай студэнцкай песні. Мурашка. — Пачынай, Андрэй, твая першая скрыпка... А вы, валачобнікі, далучайцеся да нас: прыпеўку спяваем усе! — не сунімаўся Янка. Колас.

пры́печак, ‑чка, м.

1. Месца, пляцоўка перад чалеснікамі печы. На руках [маці] данесла яго да прыпечка, а як узяла на вілкі і падняла, каб падаць яго далей у печ, рукі задрыжалі, закружылася галава і чыгун перавярнуўся. Галавач. [Люда] расклала на прыпечку з трэсак агеньчык. Хадкевіч.

2. Выступ печы або дашчаны насціл каля печы, на якім можна сядзець або ставіць што‑н.; прымурак. На прыпечку змардаваная гаспадыня, вурк[очучы] верацяном, цягне бясконцую, як жыццёвая нягода, нітку. Зарэцкі. Андрэйка скочыў на прыпечак, потым на печку і, натужыўшыся, галавою ўзняў адну дошчачку, другую і шмыгануў на дах... Кавалёў.

3. Абл. Выемка для вуголля, попелу ў печы. Аўгінка вымятала памялом печ. Старанна згарнуўшы вуголле ў прыпечак, пачала класці дровы. Асіпенка.