прыперці, ‑пру, ‑прэш, ‑прэ; ‑пром, ‑праца; пр. прыпёр, ‑перла; зак.
1. каго-што. Напіраючы, прыціснуць да каго‑, чаго‑н. [Старац] падкруціў струны, прыпёр скрыпку да жывата і даў.. смыка па струнах. Чорны. Зноў мяне адціснулі ў куток, прыперлі да печкі. Грамовіч. // Загнаць да самай перашкоды, у месца, адкуль няма куды адступаць. Аказалася, што бой быў у хаце, і Сымон прыпёр Міколу ў куток. Колас. Не паддаваўся конь, а пасля прыпёр яго Саўка да самай рэчкі ў куток балота. Чорны. // перан. Паставіць у безвыходнае становішча. А цяпер прыперла Яначку вясна — ніяк не выкруцішся. Крапіва. — Ты б, скажам, да мяне прыйшоў, я — да цябе, дык не! Як прыпрэ што-небудзь, тады бяжыш да суседа. Чарнышэвіч.
2. каго-што. Разм. груб. Прынесці, прывезці, даставіць. [Ілья:] — Вечарам я табе прыпру цэлы пуд рыбы. Васілёнак. Пакуль бабёр паэму разглядаў, Вол зноў прынёс паэму, верш і доніс. А дні праз два — тры нарысы прыпёр. Корбан. — Дроў табе — дзве машыны прыпру! Ракітны.
3. Разм. груб. Прыйсці, прыбыць. — Не мог ты паўгадзіны ў царкве пабыць, памаліцца? Дык ты скарэй на балота, да чарцей пабег, а цяпер.. прычашчацца прыпёр? Не буду прычашчаць! — прамовіў а. Мадэст і павярнуўся з чашаю ўбок. Колас. // Прыйсці, сабрацца ў вялікай колькасці.
4. безас. Разм. груб. Вельмі захацецца; тэрмінова спатрэбіцца. — Так пільна прыперла са мною раіцца? Няма хіба з кім? — і Макар пакрыўджана ўсміхнуўся. Дуброўскі.
•••
Прыперці да сцяны (сценкі) каго — пазбавіць магчымасці адмаўляцца, адпірацца. [Поля:] — Перш рэплікі кідаў, а потым змоўк. Прыперлі да сцяны. Гурскі.