Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узаемаўзго́дненасць, ‑і, ж.

Уласцівасць узаемаўзгодненага. Узаемаўзгодненасць планаў.

узаемаўзго́днены, ‑ая, ‑ае.

Узгоднены паміж дагаворнымі бакамі.

узаемаўплы́ў, ‑лыву, м.

Уплыў, які адбываецца ўзаемна паміж якімі‑н. з’явамі або людзьмі. У XIX ст. узаемаўплыў розных гаворак быў вельмі слабым, па сутнасці яшчэ не было ўмоў, каб якая-небудзь гаворка стала вядучай пры ўтварэнні літаратурнай мовы. Гіст. бел. літ. мовы.

узае́мнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць узаемнага. // Узаемнае пачуццё (сімпатыі, дружбы, кахання і пад.). Гаснулі ў вокнах агеньчыкі. Стасіку здавалася, што гэта гаснуць у яго душы пробліскі светлых надзей на ўзаемнасць Ганусі. Няхай.

узае́мны, ‑ая, ‑ае.

Які праяўляецца ў адносінах адзін да аднаго. Узаемная дапамога. Узаемны ўплыў. Узаемнае давер’е. □ Васіль .. не вельмі паважаў лесніка. Ужо даўно ляжаў між імі чорны цень узаемнай нянавісці. Колас. Узаемная прыязнь, правераная і загартованая ў агні, стварала шчыльную баявую сям’ю. Брыль.

узакане́нне, ‑я, н.

Уст. Пастанова, распараджэнне ўрада, якое мае сілу закона. Зборнік узаканенняў.

узако́ненне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. узаконьваць — узаконіць.

узако́нены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад узаконіць.

2. у знач. прым. Устаноўлены, вызначаны якім‑н. законам, пастановай. Я лаўлю [рыбу] ўзаконеным метадам, — сказаў Вярстоўскі. Гаўрылкін. Не любіў і не паважаў [Фокін] аўтарытэтаў, апрача свайго, а ўзаконеныя правілы і распараджэнні лічыў, што яны пісаліся не для яго. Машара. // Які стаў звычайным, перастаў хваляваць, звяртаць на сябе ўвагу. [Дзядзька Міша:] — Гэта не гульня, не спорт,.. а .. узаконенае калецтва! Паслядовіч.

узако́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Надаць чаму‑н. законную сілу, зацвердзіць, аформіць у адпаведнасці з законам. Узаконіць шлюб. // Увесці ва ўжытак на правах агульнага прызнання; даць чаму‑н. правы грамадзянства. Крытык павінен уявіць сабе сувязь паміж адзінкавым выпадкам і агульнымі рысамі жыцця, зразумець сэнс пэўнага выпадку, вытлумачыць яго прычыны, узаконіць яго існаванне. Юрэвіч.

узако́ньванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. узаконьваць — узаконіць.