удзіма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да удзьмуць.
удзірване́лы, ‑ая, ‑ае.
Які ўрос густой травой, пакрыўся дзёрнам. Паміж пустак, балот Беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі. — Удзірванелы курган векавечны. Купала. На ўдзірванелай пад дрэвамі зямлі густа і высока расла трава і працавала мятліца. Чорны.
удзірване́ць, ‑ее; зак.
Урасці густой травой, накрыцца дзёрнам. Межы [палёгка] паспелі ўжо .. удзірванець. Чорны.
удзьму́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.
Тое, што і удзьмуць.
удзьму́ць, ‑му, ‑меш, ‑ме; ‑мём, ‑мяце; зак., што.
Дзьмучы, увагнаць струмень паветра, газу куды‑н.
удзялі́ць, удзялю, удзеліш, удзеліць; зак., што.
Выдзеліць, аддзяліць частку, долю чаго‑н. для каго‑н. [Туравец:] — Я на цябе, Рыгор, вельмі спадзяюся. Таму і месца даў пагарачэй. — Бачу. Па знаёмству ўдзялілі. Мележ. // перан. Прысвяціць, аддаць у распараджэнне каму‑н. (пра час, увагу і пад.). [Марына Паўлаўна:] «Трэба разабрацца ў сваім часе, сабе і сыну крыху ўдзяліць яго»... Васілевіч. Мартын удзеліць .. [Аўгіні] столькі ўвагі, колькі патрабуюць дачыненні чалавека да чалавека. Колас.
удзяля́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да удзяляць.
удзяля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да удзяліць.
удзяўбці́, ‑бу, ‑беш, ‑бе; ‑бём, ‑бяце; пр. удзёўб, удзяўбла, ‑ло; зак., каго-што.
1. Часта ўдараючы, разрыхліць што‑н., зрабіць паглыбленне, адтуліну ў чым‑н. Зямля так умерзла, што не ўдзяўбці яе.
2. Тое, што і удзеўбануць.
3. перан. Разм. Неаднаразова паўтараючы, заставіць цвёрда засвоіць, зразумець што‑н.; убіць. [Тамаш:] — Іначай жыць .. [дзеці] будуць. Я гэта сам удзёўб сабе ў галаву і ўсім дзяўбу. Чорны.
удзя́чнасць, ‑і, ж.
Пачуццё, якое ўзнікае ў адказ за зробленае дабро (увагу, паслугу, дапамогу і пад.); падзяка. Я шчырае слова Удзячнасці братняй Пакінуць у кнізе хачу. Гілевіч. Высокі, танклявы, яшчэ малады, няйначай студэнт, чалавек глядзеў дабрадушна, выказваючы шчырую ўдзячнасць за паслугу. Скрыган. — Давай твой чамадан. Я вынесу, — прамовіў Федзя, — а вы, хлопцы, чакайце тат... — Ну добра, — сказала Наташа і з удзячнасцю зірнула яму ў вочы. Каваль. Паходня прапанаваў мне пасяліцца ў яго, і я з удзячнасцю згадзіўся. Хадкевіч.