Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

смешнава́та,

1. Прысл. да смешнаваты.

2. безас. у знач. вык., каму. Пра тое, што выклікае здзіўленне, жаданне смяяцца. Некаторыя камандзіры.. разумныя мальцы былі, а пачнуць яны меркаваць, дык мне спачатку смешнавата было на іхняе тыцканне пальцамі ў карту. Брыль.

смешнава́ты, ‑ая, ‑ае.

Крыху смешны; дзівакаваты. Адзін [хлопец] быў малы, што кідалася ў вочы, і ціхі, нават здаваўся панурым і смешнаватым з-за носа — і савінага трохі, і прастадушна-вялікага. Брыль.

сме́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае смех, весялосць; пацешны, забаўны. Смешнае апавяданне. □ [Хлопец] быў, бадай, прыроджаны комін, бо ўмеў сур’ёзна гаварыць смешныя рэчы. Навуменка. [Таццяна] .. дзівілася, як гэта раней яна магла жыць без яго, без гэтага маленькага, смешнага, крыклівага стварэння. Шамякін. / у знач. наз. сме́шнае, ‑ага, н. Ды музыкі знаюць свае сцежкі — Смешнае іграюць без усмешкі. Лужанін. // Які выклікае насмешку, іронію сваёй недарэчнасцю. У гэты момант падаспеў пяты [чалавек], у вузкіх штанах і ў смешнай куртцы з двума хвастамі. Самуйлёнак. Смешны часам бывае чалавек з сваімі недарэчнымі перажываннямі. Зарэцкі.

2. Тое, што нельга ўспрымаць сур’ёзна. Розныя смешныя довады лезлі ў галаву. Бядуля. // Дзіўны. [Пракоп:] — Смешная ты, маці! Няўжо ты думаеш, што я такі дурны і палезу ў воду, не пабачыўшы броду? Колас.

•••

Да смешнага — у вышэйшай ступені, надзвычай. Вынаходства Андрэя было да смешнага простым, і таму аб ім неўзабаве ведаў увесь завод. Шахавец.