Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

смалаку́р, ‑а, м.

Той, хто займаецца смалакурэннем. На.. палацях раней, відаць, стаяла самае дарагое ў смалакураў — шкіпінар у вялікіх бутлях. Ваданосаў. У карчму сышліся грэцца мужыкі. Смалакуры з-пад Крывічаў і Смургонаў, Жабракі і местачковыя майстры. Танк.

смалаку́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да смалакурэння. Смалакурны завод.

смалаку́рня, ‑і, ж.

Смалакурнае прадпрыемства. Сосны вакол смалакурняў стаялі чорныя, нібы асмаленыя агнём. Хомчанка. Моцны, густы пах смаляных карчоў, жывіцы, настой дзёгцю, шкіпінару плавалі ў паветры над борам, над смалакурняй. Бялевіч.

смалакурэ́нне, ‑я, н.

Здабыванне смалы, шкіпінару, вугалю з драўніны хваёвых дрэў пры награванні без доступу паветра.

смалано́сны, ‑ая, ‑ае.

Які ўтрымлівае смалу; з якога здабываюць смалу. Смаланосныя расліны.

смале́нне 1, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. смаліць ​1.

смале́нне 2, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. смаліць ​2 (у 2 знач.).

сма́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад смаліць ​2 (у 2 знач.).

2. у знач. прым. Абпалены агнём. Смалены парсюк.

•••

Бачыць саву смаленую гл. бачыць.

смалёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы; Р мн. ‑лёвак; ж.

1. Невялікі жук сямейства даўганосікаў, шкоднік хваёвых лясоў.

2. У батаніцы — адна‑, двух- і шматгадовая травяністая расліна сямейства гваздзіновых з белымі, ружовымі, чырвонымі кветкамі.

смалі́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для смалення ​1. Смалільныя прылады.

смалі́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца смаленнем ​1 чаго‑н.; той, хто смаліць ​1 што‑н.