Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

свінападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны на свінню.

свінапа́с, ‑а, м.

Уст. Пастух, які пасе свіней. Нехта, кажуць, спытаўся ў такога, як.. [Данік], свінапаса: «Хлопец, а колькі штук у тваёй чарадзе?» Брыль.

свіна́р, ‑а, м.

Працаўнік, які даглядае свіней.

свіна́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Працаўніца, якая даглядае свіней. Падбор свінарак вельмі ўдалы: абедзве маладыя, здаровыя і старанныя жанчыны. «Беларусь».

2. Абл. Тое, што і свінуха. [Міхля] ішла з ракітавым кашалём за гасцінец па лісіцы, па свінаркі. Яны ўрадзіліся гэтым годам кішма. Вясна цеплатою парыла.. і на грыбы не забылася. Баранавых.

свіна́рнік, ‑а, м.

Хлеў для свіней. Вунь жа прыжмурваецца сваімі незлічонымі вокнамі новы свінарнік. Скрыган. // Разм. Пра неахайную, брудную хату і іншае памяшканне.

свіна́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да свінарніка.

2. Звязаны з развядзеннем свіней. Свінарная гаспадарка.

свінасаўга́с, ‑а, м.

Свінагадоўчы саўгас.

свінатава́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да таварнай, прамысловай гадоўлі свіней. Свінатаварная ферма.

свінафе́рма, ‑ы, ж.

Свінагадоўчая ферма. Чарнавусу не было чаго сказаць, свінафермы сапраўды ў калгасе не было. Кулакоўскі.

свіне́ц, ‑нцу, м.

1. Цяжкі мяккі легкаплаўкі метал сінявата-шэрага колеру. Здабыча свінцу. Сплаў свінцу з сурмой.

2. перан. Куля (кулі). Цягнуцца ўвысь курганы Бессмяротнасці Там, дзе свінец іх, адважных, прашыў. Калачынскі.

•••

Як (нібы, быццам) свінцом налітая (налітыя) — крайне ператомленая, натруджаная ад стомы, хваробы і пад. (аб адчуванні цяжару ў галаве, руках, нагах і пад.).