Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зрасці́, ‑сце; пр. зрос, зрасла, ‑ло; зак.

Разм.

1. Пакрыцца расліннасцю; зарасці, абрасці. Сцежкі вузкія Палыном зраслі. Колас. Вы ж ці глянулі хто часам На магілу мужыка? Варта глянуць: крыж яловы Пахіліўся, мохам зрос. Купала.

2. Вырасці, густа парасці; урадзіць. Лёг пясочак на нівах, зрос палын у стадоле. Дубоўка.

зрасці́ся, ‑стуся, ‑сцешся, ‑сцецца; пр. зросся, зраслася, ‑лося; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца, утвараючы адно цэлае ў працэсе росту. Бровы зрасліся. Арэхі зрасліся. Агуркі зрасліся. // Набыць ранейшы стан у працэсе зажывання (пра зламаную косць, краі раны і пад.). Косці зрасліся. □ Усе пасечаныя часткі [цела Тром-сына] зрасліся! Якімовіч.

2. перан. Непарыўна злучыцца; зблізіцца, зжыцца з кім‑, чым‑н. [Змітрок] увесь нібы зросся са станком, стаў нейкай галоўнай яго часткай. Ваданосаў. Лабановіч.. моцна зросся з зямлёю і жыццём, любіў гэтае жыццё, на парозе якога ён стаяў і росквіт якога для яго толькі што зачынаўся. Колас.

зрасці́ць, зрашчу, зросціш, зросціць; зак., што.

1. Лечачы, ствараючы спрыяльныя ўмовы, даць магчымасць зрасціся. Зрасціць зламаную косць.

2. Спец. Змацоўваючы канцы, зварваючы краі чаго‑н., злучыць, з’яднаць. Канат павінен быў вытрымаць велізарны груз. Таму зрасціць яго — не простая справа. Даніленка. Ад радасці Дзмітрый падсвіснуў. Ён не ўяўляў яшчэ, як удасца зрасціць трубку, але ў адным не сумняваўся: танк узрываць не прыйдзецца. Беразняк.

зраўнава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; зак.

Разм. Тое, што і зраўняцца. Зраўнуецца зусім канаўка, збуцвее і зваліцца ад старасці .. бяроза. Кулакоўскі.

зраўнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і зраўняць. Зраўнавалі ямкі ў печы, Дол прысыпалі пяском. Броўка.

зраўно́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да зраўнавацца.

2. Зал. да зраўноўваць.

зраўно́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зраўнаваць.

зраўня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

1. Зрабіцца роўным, гладкім; выраўняцца. Пасля такога здарэння [узрыву карабля] на зямлі застаўся б след на многа гадоў, а на вадзе ў тую ж хвіліну ўсё зраўнялася. Кулакоўскі.

2. Зрабіцца аднолькавым з кім‑, чым‑н. па вышыні, узроўню і пад. Курганок, прысыпаны рудой ігліцай, асеў і амаль зраўняўся з зямлёй. Б. Стральцоў. Як толькі дрэвы абедзвюх народ зраўняюцца па вышыні, паміж імі ўзнікае «барацьба». Гавеман.

3. Рухаючыся, апынуцца побач, на адной лініі з кім‑, чым‑н. Трактарыст, які ўжо зраўняўся з нампалітам, заўважыў яго ссунутыя ў суцэльную лінію калматыя бровы. Паслядовіч. Калі вазы зраўняліся, семінарыст пазнаў.., што жанчына ў чорнай капоце, якая сядзела побач з Адасем Камароўскім, гэта Алеся. С. Александровіч.

4. Стаць роўным каму‑, чаму‑н. у якіх‑н. адносінах; параўняцца. Стараючыся хоць як-небудзь зраўняцца з хлопцамі, якія абагналі яго ў вучобе, Сяргей чытаў кнігу за кнігай. Навуменка. // Аказацца пастаўленым нароўні з кім‑, чым‑н. У джунглях жыў вялізны Слон, І быў бязмерна моцны ён, — З ім сілаю ніхто не мог зраўняцца. Корбан.

зраўня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Зрабіць што‑н. роўным, аднаго ўзроўню з зямлёй. Трактар даўно зраўняў .. межы, і як кінуць вокам зелянее збажына на калгасным палетку. С. Александровіч. / у безас. ужыв. Дарогу зраўняла [снегам], поле было белае і чыстае, як абрус на стале. Пташнікаў.

2. Зрабіць аднолькавым, роўным каму‑, чаму‑н. у якіх‑н. адносінах. — Не зраўняў бог лесу, не зраўняў і людзей. Чорны. // Паставіць нароўні з кім‑, чым‑н., параўнаць. Звечара.. пачалося тое, чаго нельга зраўняць ні з якімі баямі. Кулакоўскі.

•••

Зраўняць з зямлёй — знішчыць, разбурыць дашчэнту.

зрахава́цца, зрахуюся, зрахуешся, зрахуецца; зак.

Разм. Усё ўлічыўшы, падлічыўшы, дамовіцца, старгавацца. — Яны плацяць, як зрахаваліся... У нас дамоўленасць ёсць. Чарнышэвіч.