Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пры́мула, ‑ы, ж.

Дэкаратыўная травяністая расліна сямейства першакветных з трубчастымі кветкамі ў парасонападобных суквеццях.

[Ад лац. primula — першая, пачатковая.]

прымурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Прыбудаваць што‑н. з каменю, цэглы.

прыму́рак, ‑рка, м.

Выступ печы, на якім можна сядзець або ставіць што‑н. На прымурку старая выводзіла зрэбную нітку. Мурашка. [Жэнька] пагладзіла кацянятак, якія ляжалі ў рэшаце на прымурку. Крапіва. Ажыўляецца кот на прымурку, ён саскоквае, сагрэты надзеяй паласавацца. Лужанін.

пры́мус, ‑а, м.

Награвальны прыбор з помпай, якая падае газу ў гарэлку. У бакоўцы ля самых дзвярэй аднастайна шыпеў прымус. Кавалёў. — Ты распраніся, памыйся ідзі, а я хуценька на прымусе згатую чаго-небудзь. Галавач.

[Ад лац. primus — першы, лепшы.]

прыму́с, ‑у, м.

Уздзеянне, якое аказваецца на каго‑н. з мэтай дамагчыся выканання чаго‑н.; прымушэнне. [Марынка] піла неахвотна, пад прымусам, але шчокі ў яе паружавелі. Хадкевіч. [Максіму Сцяпанавічу] іншы раз нават здавалася, што дочкі наогул абыякавыя да яго і калі цалуюць або хінуцца, то па прымусу. Карпаў. // Сацыяльны, класавы ўціск, прыгнёт. Старац-лірнік на прызбе сядзеў Пад акном мужыка беларуса, Навёў струны і песню запеў Пра мінулыя часы прымусу. Чарот. Але з якой сапраўды тытанічнай настойлівасцю песціць ляснік думку аб набыцці ўласнай зямлі, аб вызваленні з-пад панскага прымусу. Навуменка.

прыму́сам, прысл.

Сілаю, прымушэннем. Мне таксама зрабілася няёмка, быццам я нахабна, прымусам, вырваў у яе [Міхаліны] найвялікшую тайну, якую яна цяпер старанна хавае ад людзей. Шамякін.

прыму́сіць, ‑мушу, ‑мусіш, ‑мусіць; зак., каго.

Сілаю або нейкім іншым уздзеяннем дамагчыся, каб нешта было зроблена, выканана; абавязаць, патрэбаваць зрабіць што‑н. — Мяне ніхто не можа прымусіць, калі я гэтага не захачу сам, — чаканячы кожнае слова, прамовіў Ваханаў. Колас. Дзядзька спаткаў.. [вучняў] у сенях каля парога, прымусіў яшчэ на двары паабціраць венікам ногі. Брыль. Як ні ўпіраўся Сашка, бабка Вікця прымусіла ўнука выпіць шклянку густога, смачнага малака. Даніленка. Сілаю ў чалавека можна толькі адабраць, але прымусіць, каб ён даў табе што-небудзь, нельга. Карпаў. // Выклікаць пэўныя дзеянні, учынкі, стан у каго‑н. Яны абодва ніколі не кралі — голад прымусіў Мішку злавіць гэтую курыцу. Лупсякоў. Гудок на фабрыцы прымусіў.. [Зыдора] паддаць ходу. Чорны. Усякі выпадак, нават нязначны, можа прымусіць цябе хвалявацца, думаць, разважаць... Хадкевіч.

пры́мусны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прымуса, прызначаны для прымуса. Прымусная іголка. Прымусная гарэлка.

прымусо́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць прымусовага. Усё рабілася быццам бы прымусова, каб вызваліць насельніцтва ад адказнасці за дыверсію. Але сяляне добра разумелі гэтую «прымусовасць» і ішлі з вялікай ахвотаю. Шамякін.

прымусо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які праводзіцца, робіцца па прымусу. Прымусовае перасяленне. // Вымушаны неабходнасцю, якімі‑н. акалічнасцямі. Прыгнятала прымусовая бяздзейнасць, шчымлівая туга. Машара.

•••

Прымусовыя работы гл. работа.

прымусо́ўка, ‑і, ДМ ‑соўцы; Р мн. ‑совак; ж.

Разм. Прымусовыя работы. Адбыць прымусоўку.