прыму́сіць, ‑мушу, ‑мусіш, ‑мусіць; зак., каго.

Сілаю або нейкім іншым уздзеяннем дамагчыся, каб нешта было зроблена, выканана; абавязаць, патрэбаваць зрабіць што‑н. — Мяне ніхто не можа прымусіць, калі я гэтага не захачу сам, — чаканячы кожнае слова, прамовіў Ваханаў. Колас. Дзядзька спаткаў.. [вучняў] у сенях каля парога, прымусіў яшчэ на двары паабціраць венікам ногі. Брыль. Як ні ўпіраўся Сашка, бабка Вікця прымусіла ўнука выпіць шклянку густога, смачнага малака. Даніленка. Сілаю ў чалавека можна толькі адабраць, але прымусіць, каб ён даў табе што-небудзь, нельга. Карпаў. // Выклікаць пэўныя дзеянні, учынкі, стан у каго‑н. Яны абодва ніколі не кралі — голад прымусіў Мішку злавіць гэтую курыцу. Лупсякоў. Гудок на фабрыцы прымусіў.. [Зыдора] паддаць ходу. Чорны. Усякі выпадак, нават нязначны, можа прымусіць цябе хвалявацца, думаць, разважаць... Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)