Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыгнята́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да прыгнятаць.

прыгнята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Прыціскаць чым‑н. цяжкім зверху. Прыгнятаць сыр каменем.

2. Не даваць свабодна жыць, эксплуатаваць. Вёску прыгняталі памешчык і земства, ураднік і мясцовы багацей. Навуменка.

3. перан. Непакоіць, ствараць цяжкі, падаўлены настрой. Памаўчаўшы,.. [маці] загаварыла, перасільваючы нейкі ўнутраны цяжар, які прыгнятаў яе. Якімовіч. Бянтэжыла і прыгнятала нас яшчэ і невядомасць. С. Александровіч. Мяне прыгнятала адзіноцтва, тая сіратлівая цішыня, якая часта панавала ў нашых зялёных кутках. Кулакоўскі. Нізкае скляпенне, пах цвілі, папіскванне пацукоў прыгнятала хлапца. Гурскі.

прыго́да 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Нечаканы выпадак. Гэта былі звычайныя апавяданні пасажыраў аб прыгодах, якія давялося перажыць ім. Васілёнак. Амаль без асаблівых прыгод дабраліся .. [дзед і Міколка] да горада. Лынькоў. // (са словамі «злая», «ліхая» і пад.). Нежаданая, непрыемная, небяспечная для каго‑н. падзея. Гора-ліха па лесе брыло у нядобрай прыгодзе: Моцна дроздзіку нехта крыло Пакалечыў, пашкодзіў. Колас.

2. звычайна мн. (прыго́ды, ‑год). Учынкі, здарэнні, звычайна цікавыя, незвычайныя або рызыкоўныя. Самай любімай спадарожніцай ва ўсіх Алёшкавых паходах ды прыгодах была яго маленькая рагатка. Якімовіч. Апанаваны пчоламі, .. [Мішка] кінуўся бегчы ў рэчку і толькі там пазбавіўся ад іх нападу, крыху ачухаўся ад сваіх злачынных прыгод. Лынькоў. — Яшчэ ў школе мы марылі аб незвычайных прыгодах, аб подзвігах. Няхай.

3. Тое, што парушае звычайны парадак чаго‑н. — Будзе нейкая прыгода, Ходу, хлопча, падбаўляй, — Ці не пройдзе дождж, глядзі ты: Млявасць чуецца, цяжар. Колас. А на рэчцы на Арэсе Сталася прыгода: Ідзе наступ на балота З поўначы, з усхода. Купала.

прыго́да 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, м.

Уст. У выразе: быць (стаць) у прыгодзе — згадзіцца, спатрэбіцца. [Таццяна] яшчэ будзе сёння ў прыгодзе, хай .. [Зелянюк] будзе спакойны аб ёй, яна яшчэ пакажа сваё! Зарэцкі. [Жучок:] — Я табе, як бяда будзе, у прыгодзе стану. Якімовіч.

прыго́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прыгоднага. Прыгоднасць чалавека да працы. Прыгоднасць ежы да спажывання.

прыго́дніцкі, ‑ая, ‑ае.

Заснаваны на прыгодах, звязаны з прыгодамі. Прыгодніцкі раман. Прыгодніцкі жанр. □ [Прыборны] быў вялікі аматар усяго надзвычайнага, прыгодніцкага. Шамякін.

прыго́дніцтва, ‑а, н.

1. Прыгодніцкая тэматыка. Прыгодніцтву ў творах для дзяцей наогул не шанцуе. «Полымя».

2. зб. Прыгоды. [Лясніцкі:] — Найлепшая кандыдатура для такой справы. Смеласць, кемлівасць, любоў да прыгодніцтва. Шамякін.

прыго́дны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які падыходзіць для чаго‑н., які можа спатрэбіцца для чаго‑н.; здатны да чаго‑н. — А вы Васіль Майсеевіч не крыўдуйце. Вам знойдуць больш прыгодныя дзялянкі, і там, калі ласка, бушуйце хоць з атамнымі піламі. Паслядовіч. — На сівізну маю не глядзіце. Калі ў касцы не прыгодны, то косы кляпаць магу. Пальчэўскі. Была .. [група] малалікая, нявопытная, але прыгодная для выканання прасцейшых заданняў. Асіпенка. // Які прыносіць карысць; прыдатны да выкарыстання. Прыгодная зямля. Прыгодная глеба. □ Край наш бедны, край наш родны! Лес, балоты і пясок... Чуць дзе крыху луг прыгодны... Хвойнік, мох ды верасок. Колас.

прыго́жа,

1. Прысл. да прыгожы.

2. безас. у знач. вык. Пра прыгажосць, хараство дзе‑н. Свежа і прыгожа было ў лесе. Чарнышэвіч. Навокал жа было так прыгожа і спакойна. Маўр.

прыго́жасць, ‑і, ж.

Тое, што і прыгажосць (у 1–3 знач.). [Аксіння:] — І паглядзець на яе — вока радуецца: стройная дзяўчына, і прыгожасці ў меру, і здароўем не пакрыўджана. Лынькоў. Сонца яшчэ не было, але адчувалася, што вось-вось пырснуць яго першыя промні і ўсё навокал заззяе тысячамі колераў, захапляючы сваёй казачнай прыгожасцю. Шчарбатаў.

прыго́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыносіць асалоду сваім знешнім выглядам, вызначаецца гармоніяй фарб, ліній, форм. Прыгожы від. Прыгожы дом. Прыгожая знешнасць. □ Мясціны вакол прыгожыя: густы хваёвы лес, яшчэ не крануты блізкасцю горада, абрывістыя ўзгоркі. Шыцік. На тумбачцы каля ложка хворага ў шкляным збанку стаялі прыгожыя свежыя кветкі — белыя і ружовыя астры, цёмна-карычневыя гваздзікі. Краўчанка. // Які вызначаецца сваёй гарманічнасцю, стройнасцю, зграбнасцю рухаў. Прыгожы танец. □ Усё .. рабіла .. [Таццяна], не спяшаючыся, скупымі і прыгожымі рухамі спрытнай гаспадыні. Шамякін. // Добры, пагодлівы; маляўнічы (пра час, пару). Прыгожы вечар. Прыгожы зімні дзень. □ Сухая, прыгожая восень не хацела аддаваць сваё хараство жудасным сілам вайны: дыму, копаці, смерці. Шамякін. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. // Які прыемна гучыць, добра ўспрымаецца на слых. Прыгожае імя. Прыгожая мелодыя. Прыгожая песня.

2. Які мае багаты ўнутраны змест, вызначаецца ўнутраным хараством. Сёння стары апавядаў пра мінулыя дні барацьбы, пра тое,.. як адданы былі [рэвалюцыянеры] сваёй небяспечнай, але прыгожай і слаўнай справе. Зарэцкі. Самая прыгожая ў свеце — У краіне нашай маладосць! Броўка.

3. Неадабр. Эфектны знешне, але беззмястоўны. — Сапраўдны чалавек мірнае жыццё плануе, — заўважыў Ягор і .. засароміўся, што словы выйшлі занадта ўжо прыгожымі... Кавалёў.

4. у знач. наз. прыго́жае, ‑ага, н. Тое, што адпавядае ідэалам прыгажосці, хараства. Пачуццё прыгожага. Праблема прыгожага. □ Так, прынцэса ў поўным росквіце маладосці. Яна прыгожая, і шукае прыгожага, і пакланяецца прыгожаму. Купала. Метад крытычнага рэалізму не выключае, а, наадварот, мае на ўвазе ідэал, прыгожае, якое сцвярджаецца, між іншым, праз адмаўленне агіднага. Конан.

•••

Прыгожае пісьменства гл. пісьменства.

Прыгожы пол гл. пол.