прыго́да 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Нечаканы выпадак. Гэта былі звычайныя апавяданні пасажыраў аб прыгодах, якія давялося перажыць ім. Васілёнак. Амаль без асаблівых прыгод дабраліся .. [дзед і Міколка] да горада. Лынькоў. // (са словамі «злая», «ліхая» і пад.). Нежаданая, непрыемная, небяспечная для каго‑н. падзея. Гора-ліха па лесе брыло у нядобрай прыгодзе: Моцна дроздзіку нехта крыло Пакалечыў, пашкодзіў. Колас.

2. звычайна мн. (прыго́ды, ‑год). Учынкі, здарэнні, звычайна цікавыя, незвычайныя або рызыкоўныя. Самай любімай спадарожніцай ва ўсіх Алёшкавых паходах ды прыгодах была яго маленькая рагатка. Якімовіч. Апанаваны пчоламі, .. [Мішка] кінуўся бегчы ў рэчку і толькі там пазбавіўся ад іх нападу, крыху ачухаўся ад сваіх злачынных прыгод. Лынькоў. — Яшчэ ў школе мы марылі аб незвычайных прыгодах, аб подзвігах. Няхай.

3. Тое, што парушае звычайны парадак чаго‑н. — Будзе нейкая прыгода, Ходу, хлопча, падбаўляй, — Ці не пройдзе дождж, глядзі ты: Млявасць чуецца, цяжар. Колас. А на рэчцы на Арэсе Сталася прыгода: Ідзе наступ на балота З поўначы, з усхода. Купала.

прыго́да 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, м.

Уст. У выразе: быць (стаць) у прыгодзе — згадзіцца, спатрэбіцца. [Таццяна] яшчэ будзе сёння ў прыгодзе, хай .. [Зелянюк] будзе спакойны аб ёй, яна яшчэ пакажа сваё! Зарэцкі. [Жучок:] — Я табе, як бяда будзе, у прыгодзе стану. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)