Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

затынкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

Пакрыць тынкам. Затынкаваць сцены.

затынко́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да затынкоўваць.

затынко́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да затынкаваць.

затыха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да затхнуцца.

заты́чка і за́тычка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Тое, чым затыкаюць што‑н. Гумно было адамкнёна, а ў прабоі тырчала звычайная драўляная затычка, прывязаная да прабоя канаплянаю вяровачкай. Дамашэвіч. Раз-пораз Карней Адамавіч адкрываў затычку ў сцяне і праз шчылінку пазіраў на дарогу. Жычка. // перан. Пра таго, кім часта замяняюць, падмяняюць каго‑н. — Калі выбралі мяне старшынёю, дык і слухайцеся, а не хочаце — скідайце, — гаварыў Тамаш. — А толькі я затычкай не буду. Гурскі.

•••

Ад усіх дзірак (бочак) затычка — пра чалавека, які любіць умешвацца не ў свае справы.

Затычка ад пустой бочкі — пра непатрэбнага, лішняга чалавека.

затэ́паць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Пачаць тэпаць.

затэ́паць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Зайсці куды‑н., апынуцца дзе‑н. Цяпер з яго нельга і вока спусціць: то ён [Вадзімка] не туды затэпае, то ў якую гразь ўлезе і гэтак вымурзаецца, што страх глядзець. Сабаленка.

заўва́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

1. Кароткае выказванне, меркаванне наконт чаго‑н. Цікаўны і надзвычай назіральны, ён умеў не толькі слухаць, але і ўстаўляць у гутарку свае заўвагі, заўсёды разумныя і трапныя. Чарнышэвіч. Покі сабраўся.. [Мартын Рыль] адказаць Аўгінні якім-небудзь трапным словам на яе заўвагу аб барадзе, яна ўжо паспела шмыгнуць ад яго. Колас. // часцей мн. (заўва́гі, ‑ваг). Крытычныя меркаванні навуковага характару. Заўвагі рэцэнзентаў. Заўвагі на палях кнігі.

2. Указанне на памылку ці недахоп, часта з папрокам або павучаннем. — Канцы аглабель не зусім роўныя, — зрабіў.. [брыгадзір] заўвагу Міхасю. Якімовіч. Сцёпа слухаў няўважліва. Настаўнік некалькі разоў рабіў яму заўвагі. Курто. // Від дысцыплінарнага спагнання.

3. Дадатковае тлумачэнне да тэксту. Падрадковыя заўвагі.

заўважа́цца, ‑аецца; незак.

1. Назірацца, адчувацца. За Толікам даўно ўжо заўважаўся той грэх, што называецца маною. Ляўданскі.

2. Зал. да заўважаць.

заўважа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да заўважыць.

заўва́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. каго-што. Успрыняць якімі‑н. органамі пачуццяў; убачыць, адчуць, пачуць. Заўважыць святло. Не заўважыць холаду. □ Праз пяць хвілін падняўся агонь з зямлі ў некалькіх месцах. На зямлі льга стала заўважыць хвойную іголку. Чорны. [Марынка] ўстала, паправіла сукенку, і Паходня.. ссутуліўся, некалькі здзіўлены, што яна як бы і не заўважыла яго слоў. Хадкевіч. // Разгледзець, падмеціць, зрабіць якое‑н. назіранне. Сябры не заўважылі маёй разгубленасці толькі таму, што якраз у гэты момант аднекуль здалёк пачуліся выбухі. Карпюк.

2. каго-што. Звярнуць асаблівую ўвагу на каго‑, што‑н. Што іменна ён быў павінен зрабіць — гэтага Васіль пакуль не ведаў, але быў упэўнены, што зробіць шмат, што яго заўважаць і па-сапраўднаму ацэняць. Шашкоў.

3. каго-што. Адзначыць, запомніць па якіх‑н. прыметах. — Заўваж месца і ідзі скажы, што тут ляжыць ранены палкоўнік. Чорны. — Раю заўважыць гэту расліну, — са смехам сказаў Мірон, — табе яна можа спатрэбіцца. Маўр.

4. Выказаць думку, уставіць заўвагу ў час размовы з кім‑н. — Трэба залічыць дзеда ў рады Чырвонай Арміі і выдаць яму стрэльбу, як чырвонаармейцу, — не то жартліва, не то сур’ёзна заўважыў адзін з ротных камандзіраў. Колас. // каму. Зрабіць заўвагу, выгаварыць за які‑н. промах, памылку, недахоп. — Павінен вам заўважыць, — спыніў .. [Кац] кліента, які ўжо збіраўся выходзіць з рэстарана, — вы непрыстойна паводзілі сябе. Корбан.