заты́чка і за́тычка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Тое, чым затыкаюць што‑н. Гумно было адамкнёна, а ў прабоі тырчала звычайная драўляная затычка, прывязаная да прабоя канаплянаю вяровачкай. Дамашэвіч. Раз-пораз Карней Адамавіч адкрываў затычку ў сцяне і праз шчылінку пазіраў на дарогу. Жычка. // перан. Пра таго, кім часта замяняюць, падмяняюць каго‑н. — Калі выбралі мяне старшынёю, дык і слухайцеся, а не хочаце — скідайце, — гаварыў Тамаш. — А толькі я затычкай не буду. Гурскі.
•••
Ад усіх дзірак (бочак) затычка — пра чалавека, які любіць умешвацца не ў свае справы.
Затычка ад пустой бочкі — пра непатрэбнага, лішняга чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)