Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узле́сны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да узлесся, узлеску. [Тварыцкі] .. прайшоў сюды-туды паміж узлесных кустоў. Чорны.

узле́ссе, ‑я, н.

Край лесу. На Саўкавай гары.., на самым узлессі пушчы, была закончана пабудова лагера. Брыль. Выйшаў [я] на ўзлессе, прымасціўся на шырокім бярозавым пні. Ляўданскі.

узлёт, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. узлятаць — узляцець (у 1 знач.).

2. перан.; чаго. Кульмінацыя развіцця; росквіт, уздым. Як і ў гісторыі іншых старажытных гарадоў, у гісторыі Полацка мы бачым і перыяды бурнага ўзлёту, і перыяды заняпаду. Хадкевіч. Жыццё без узлётаў, пралікаў і спадаў, Вёз спрэчак калючых, нібыта асцё, Без спёкі, без хмар і густых снегападаў — Расклад ці інструкцыя, а не жыццё. Грахоўскі.

3. перан.; чаго. Уздым, натхненне. Узлёт сіл. Узлёт творчай думкі. Паэтычны ўзлёт. □ Многім паэтам вядомы ўзлёты і спады, з-пад аднаго і таго ж пяра выходзяць творы наўздзіўнай сілы і, поруч з імі, рэчы больш-менш бедныя і недасканалыя. Лужанін. Сапраўдным узлётам Купалы-лірыка былі чэрвень-ліпень 1911 года. .. У гэты час было напісана больш трыццаці вершаў. Лойка.

узлётны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ўзлёту самалётаў, прызначаны для ўзлёту. Загорын рукою даў знак, і машына панеслася па ўзлётнай паласе на другі канец аэрадрома. Алешка. Пераскокваючы прыступкі рухомай лесвіцы-трапа, Павел збег на ўзлётную пластыкавую дарожку. Шыцік.

•••

Узлётна-пасадачная паласа гл. паласа.

узліва́нне, ‑я, н.

У старажытнасці — прынясенне віна ў ахвяру багам.

узліва́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да узліваць.

узліва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узліць.

узлі́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад узліць.

узлі́ць, узалью, узальеш, узалье; узальём, узальяце і ‑лью, ‑ліеш, ‑ліе; ‑ліём, ‑ліяце; пр. узліў, ‑ліла, ‑ло; заг. узлі; зак., што і чаго.

Разм. Лінуць якую‑н. вадкасць па паверхню чаго‑н. Узліць масла на скавараду. □ Пра свае забыўшы мукі, Усхапілася [Кацярына] тады. Кубак трапіўся пад рукі, Узліла на твар вады. Броўка. Хлапчукі, зачарпнуўшы ў рэчцы конаўку вады, узлілі на вогнішча і паварушылі яго альховымі дубцамі. Ус.

узло́бак, ‑бка, м.

Узвышанае месца на негарыстай мясцовасці. Праз колькі хвілін Чубар выйшаў за вёску і пакрочыў па дарозе, што вяла скрозь бульбяное поле на высокі і шэры ўзлобак, за якім недзе былі Журынічы. Чыгрынаў. // Самы высокі пункт якога‑н. узвышша. На пагорку, на самым яго ўзлобку ляжалі ў беспарадку і стаялі тырчма вялізныя каменныя глыбы. Хадкевіч. Вось людзі, чатыры цёмныя постаці, узышлі на самы ўзлобак, падаліся да яліны. Лынькоў.