свяшчэннадзе́йны, ‑ая, ‑ае.
Які выражае свяшчэннадзейства, які выконваецца як свяшчэннадзейства.
свяшчэннадзе́йства, ‑а, н.
1. Царкоўны абрад, адпраўленне набажэнства.
2. перан. звычайна іран. Выкананне якой‑н. справы з вялікай урачыстасцю і важнасцю. Латуза быў вялікі гурман і любіў не проста паесці, а ператварыць гэты натуральны працэс у свяшчэннадзейства. Рамановіч. У кулуарах рэдакцыі абласной газеты «днём свяшчэннадзейства» называлі дзень выплаты ганарару. Васілёнак.
свяшчэннаслужы́цель, ‑я, м.
1. Асоба, якая адпраўляе набажэнства. Свяшчэннаслужыцелі робяць выгляд, што яны не заўважаюць божай няпамятлівасці. «Полымя».
2. Назва служыцеляў рэлігійнага культу (дзяка, свяшчэнніка, епіскапа) у праваслаўнай царкве.
свяшчэннаслужэ́нне, ‑я, н.
Адпраўленне набажэнства.
свяшчэ́ннік, ‑а, м.
Духоўнае званне ў праваслаўнай царкве, прамежкавае паміж епіскапам і дзякам. // Асоба, якая носіць гэта званне; служыцель рэлігійнага культу, які праводзіць богаслужэнне. Дзед пісьменніка быў, як вядома, уніяцкі свяшчэннік, а бацька перасяліўся ў Маскву, дзе працаваў урачом і дзе нарадзіўся Ф.М. Дастаеўскі. В. Вольскі. Прыбытак з царквы бралі сабе свяшчэннікі, а мы перабіваліся так-гэтак. Хадкевіч.
свяшчэ́нніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да свяшчэнніка, уласцівы, належыць яму. Свяшчэнніцкі сан. Свяшчэнніцкая раса.
свяшчэ́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўспрымаецца як святасць, прызнаецца боскім. Старажытныя грэкі любілі дэльфінаў, лічылі іх свяшчэннымі жывёламі, якія знаходзяцца пад апекай марскога бога. В. Вольскі. // Які звязаны з рэлігійным абрадам, з рэлігійным культам, які мае адносіны да набажэнства. Свяшчэнны абрад. Свяшчэнныя кнігі. Свяшчэннае абмыванне. □ [Поп:] — А што я пажартаваў словам, успомніўшы свяшчэннае пісанне, дык у царкве — я свяшчэннаслужыцель, а тут — я такі самы чалавек, як і ўсе. Чорны.
2. Які ажыццяўляецца ў інтарэсах рэлігіі, апраўдваецца рэлігіяй. Свяшчэнныя войны.
3. перан. Асабліва дарагі, запаветны, высокааўтарытэтны. [Самарскі сцяг] з’яўляецца свяшчэннай рэліквіяй. «Маладосць». Прыслухоўваўся да свяшчэннага шэлесту старонак запаветных кніг. Гарбук.
4. Высакародны, чысты, узвышаны. Словы ўспомні свяшчэннай прысягі: Жыць і памерці — за родны свой край! Глебка. Наводчык загінуў смерцю храбрых, да канца выканаўшы свой свяшчэнны абавязак перад Радзімай. «Полымя». Дзе б Радзіма мяне не паставіла, Ці варштаты, ці сшыткі рабіць, Доўг свяшчэнны мой — працу любіць: Ёсць закон, залатое ёсць правіла — У жыцці не бывае драбніц! Непачаловіч. // Такі, які вядзецца з вызваленчай мэтай (пра вайну, бой і пад.). Свяшчэнны бой. Свяшчэнная вайна.
5. Недатыкальны, непарушны. Савецкія Узброеныя Сілы зорка ахоўваюць свяшчэнныя рубяжы нашай Радзімы, стваральную працу будаўнікоў камунізма. «Звязда».
свяшчэ́нства, ‑а, н.
1. Сан, званне свяшчэнніка. Тры ступені свяшчэнства — дыякан, свяшчэннік, епіскап. // Служба, занятак свяшчэнніка. Пакінуць свяшчэнства.
2. зб. Свяшчэннікі; свяшчэннаслужыцелі. Прыезд свяшчэнства.