Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прылята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыляцець.

прыляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце; зак.

1. Лецячы, прыбыць куды‑н., з’явіцца дзе‑н. Птушкі прыляцелі. Самалёт прыляцеў. □ Росквіт ніў святкуе лета, Час жніва не за гарой. Па астачу мёду ў кветках Прыляцеў пчаліны рой. А. Александровіч. Гляджу на бярозу я кожнае ранне — А мо прыляцелі шпакі? Панчанка. Снарад упаў каля дарогі неспадзявана — прыляцеў аднекуль, і ніхто нават не пачуў. Чыгрынаў. // Данесціся (пра гукі, шум і пад.). З ракі прыляцела раптам прыпеўка папулярнай студэнцкай песні. Мурашка. // перан. Хутка дайсці, распаўсюдзіцца. Шырокім шляхам прыляцела ў вёску чутка аб рэвалюцыі. Краўчанка.

2. Разм. Хутка прыбегчы, прыехаць. — Мабыць, прачуў, што млын твой апошнія дні дажывае, вось і прыляцеў ні свет ні зара? Асіпенка. У той жа дзень .. [Дзямід Сыч] раніцой першы прыляцеў на ферму. Паслядовіч. З самага ранку прыляцеў на матацыкле старшыня сельсавета Павел Туравец. Місько.

пры́ма, ‑ы, ж.

1. Першая ступень гамы, а таксама галоўны тон трохгучча.

2. Інтэрвал у межах адной ступені гукарада.

3. Вядучая партыя, якая выконваецца на адным з групы інструментаў у інструментальным ансамблі. // Асоба або інструмент, якія выконваюць вядучую партыю ў ансамблі.

4. Разм. Тое, што і прымадонна. Вядома, з першых жа спевак увесь ансамбль аднадушна прызнаў Тамару Асколкіну першай — прымай ансамбля. Ракітны.

[Ад лац. prima — першая.]

прымадо́нна, ‑ы, ж.

Спявачка, якая выконвае першыя ролі ў оперы, аперэце.

[Іт. primadonna.]

прыма́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прымазаць.

прыма́зацца, ‑мажуся, ‑мажашся, ‑мажацца; зак.

1. Разм. Прыгладзіць сабе валасы, змазаўшы іх чым‑н.

2. перан. Далучыцца да каго‑, чаго‑н. з карыслівымі мэтамі. — А ці не думаеце вы, што ён [Саўка] прымазаўся да паўстанцаў? — пытае ўсё той жа Бірка. Колас.

3. У азартных гульнях — прыняць удзел у гульні, дадаўшы сваю долю да стаўкі якога‑н. іграка.

прыма́заць, ‑мажу, ‑мажаш, ‑мажа; зак., каго-што.

1. Злёгку, тонкім слоем замазаць. Госць адрэзаў ад доўгай булкі не па-тутэйшаму тоўстую лусту, нажом зачэрпаў са слоіка мармеладу, цераз сілу культурна прымазаў хлебныя ноздры чырвоным. Брыль.

2. Прымацаваць дзе‑н., далучыць да чаго‑н., замазваючы чым‑н. клейкім. Бабура на скорую руку залажыў дзірку зверху печы кавалкам іржавай бляхі і прымазаў глінаю, каб хоць дым не валіў на хату. Колас.

3. Разм. Змазаўшы чым‑н., прыгладзіць (валасы).

4. перан. Разм. Уладкаваць куды‑н. Томчак падарыў .. [Барылу] свой плюшавы камзол з галунамі і «прымазаў» у солтысы. Бажко.

5. У азартных гульнях — дадаць сваю долю да стаўкі якога‑н. іграка.

прыма́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прымазваць — прымазаць і прымазвацца — прымазацца.

прыма́звацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прымазацца.

2. Зал. да прымазваць.

прыма́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прымазаць.