прыляцець, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце; зак.
1. Лецячы, прыбыць куды‑н., з’явіцца дзе‑н. Птушкі прыляцелі. Самалёт прыляцеў. ▪ Росквіт ніў святкуе лета, Час жніва не за гарой. Па астачу мёду ў кветках Прыляцеў пчаліны рой. А. Александровіч. Гляджу на бярозу я кожнае ранне — А мо прыляцелі шпакі? Панчанка. Снарад упаў каля дарогі неспадзявана — прыляцеў аднекуль, і ніхто нават не пачуў. Чыгрынаў. // Данесціся (пра гукі, шум і пад.). З ракі прыляцела раптам прыпеўка папулярнай студэнцкай песні. Мурашка. // перан. Хутка дайсці, распаўсюдзіцца. Шырокім шляхам прыляцела ў вёску чутка аб рэвалюцыі. Краўчанка.
2. Разм. Хутка прыбегчы, прыехаць. — Мабыць, прачуў, што млын твой апошнія дні дажывае, вось і прыляцеў ні свет ні зара? Асіпенка. У той жа дзень .. [Дзямід Сыч] раніцой першы прыляцеў на ферму. Паслядовіч. З самага ранку прыляцеў на матацыкле старшыня сельсавета Павел Туравец. Місько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)