Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прылучы́ць, ‑лучу, ‑лучыш, ‑лучыць; зак., каго-што.

1. Злучыць з чым‑н., дадаць да чаго‑н. Прылучыць да кампаніі. □ [Паніч:] Мне гэту сялібу трэба прылучыць да двара. Купала. // Уключыць у склад чаго‑н. (якога‑н. населенага пункта, дзяржавы). Прылучыць новы раён да горада.

2. да чаго. Пазнаёміць з чым‑н., увесці ў што‑н., далучыць да чаго‑н. Упоцемку, не запальваючы святла, хлопцы спрачаюцца, прыкідваюць, каго са знаёмых людзей можна прылучыць да патайной работы. Навуменка.

прылучэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прылучаць — прылучыць і прылучацца — прылучыцца.

прыляга́нне, ‑я, н.

Стан паводле дзеясл. прылягаць — прылегчы (у 3 знач.).

прыляга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да прылегчы.

2. да чаго. Размяшчацца блізка да чаго‑н., знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад чаго‑н.; прымыкаць да чаго‑н. Да Ямскіх — вёскі і поля — прылягае лес і балота. Пташнікаў. Хлеў прылягае да хаты, а пуня да хлява, вугламі на захад. Грамовіч.

прыляжа́лы, ‑ая, ‑ае.

Які доўга ляжаў, захоўваўся без ужывання; нясвежы. На галаве ў .. [мужчыны] быў капялюш колеру прыляжалага тытунёвага лісту. Лобан. Адзін, другі самазвалы падцягнуў да эстакады. Выскачыў з кабінкі трактара, давай шуфляваць прыляжалы бетон. Глядзіць, дзяўчаты лезуць пад рукі, каб падсобіць. Мыслівец.

прыляжа́ць, ‑ляжу, ‑ляжыш, ‑ляжыць; ‑ляжым, ‑лежыце; зак., што.

Доўга лежачы, выклікаць зняменне якой‑н. часткі цела; адлежаць.

прыляпі́цца, ‑ляплюся, ‑лепішся, ‑лепіцца; зак.

1. Прыстаць да чаго‑н., прыліпнуць, прыклеіцца (пра што‑н. ліпкае, клейкае і пад.). Пластыр прыляпіўся. Камяк гліны прыляпіўся. □ Да фартуха прыляпіліся шматочкі белай тканіны і нітак — відаць, жанчына нешта шыла. Савіцкі. // перан. Разм. Замацавацца за кім‑н. (пра мянушку, прозвішча). А калі мянушка прылепіцца — аж да самай смерці можаш хадзіць з ёю... Гамолка. // перан. Разм. Змясціцца, размясціцца вельмі блізка да чаго‑н. Нейкаю сотняю саламяных стрэх прыляпілася гэтая вёска да спаду гары. Брыль. // перан. Разм. Прымасціцца дзе‑н. (звычайна нязручна). — Едуць, бывала, у школу, у раён, — мой на веласіпедзе, а Федзька — ззаду ў яго, на багажніку. Прылепіцца, як верабей, і едуць, быццам бацька з сынам. Ракітны. Бургамістр прыляпіўся на самы край крэсла і ледзьве не саскаўзнуў. Новікаў.

2. перан. Разм. Адчуць прывязанасць да каго‑, чаго‑н. У Шукевіча я браў Тагора і надоўга прыляпіўся да яго душою. Лужанін.

прыляпі́ць, ‑ляплю, ‑лепіш, ‑лепіць; зак., што.

Прымацаваць да чаго‑н. што‑н. ліпкае або чым‑н. ліпкім; прыклеіць. Прыляпіць аб’яву да сцяны. □ Янка прыляпіў свечку воддаль ад бочак і ўзяўся за работу. Ваданосаў. // перан. Разм. Даць каму‑н. (прозвішча, мянушку). [Доктарку] Рыгор добра ведаў. Яшчэ пазалетась на практыцы пазнаёміўся і мянушку ёй прыляпіў: «Сучок». Б. Стральцоў. // Разм. Прырабіць, прымацаваць да чаго‑н.

прыляпля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да прыляпіцца.

2. Зал. да прыляпляць.

прыляпля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да прыляпіць.