прыляпі́цца, ‑ляплюся, ‑лепішся, ‑лепіцца; зак.

1. Прыстаць да чаго‑н., прыліпнуць, прыклеіцца (пра што‑н. ліпкае, клейкае і пад.). Пластыр прыляпіўся. Камяк гліны прыляпіўся. □ Да фартуха прыляпіліся шматочкі белай тканіны і нітак — відаць, жанчына нешта шыла. Савіцкі. // перан. Разм. Замацавацца за кім‑н. (пра мянушку, прозвішча). А калі мянушка прылепіцца — аж да самай смерці можаш хадзіць з ёю... Гамолка. // перан. Разм. Змясціцца, размясціцца вельмі блізка да чаго‑н. Нейкаю сотняю саламяных стрэх прыляпілася гэтая вёска да спаду гары. Брыль. // перан. Разм. Прымасціцца дзе‑н. (звычайна нязручна). — Едуць, бывала, у школу, у раён, — мой на веласіпедзе, а Федзька — ззаду ў яго, на багажніку. Прылепіцца, як верабей, і едуць, быццам бацька з сынам. Ракітны. Бургамістр прыляпіўся на самы край крэсла і ледзьве не саскаўзнуў. Новікаў.

2. перан. Разм. Адчуць прывязанасць да каго‑, чаго‑н. У Шукевіча я браў Тагора і надоўга прыляпіўся да яго душою. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)