Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

свяці́лішча, ‑а, н.

1. Уст. Храм. Свяцілішча аракулаў.

2. перан.; чаго. Месца, якое выклікае пачуццё глыбокай пашаны і павагі. Свяцілішча навукі. / у іран. ужыв. Дом мадэлей для іх [модніц] — свяцілішча, куды яны робяць паломніцтвы, як мусульмане ў Меку. Грамовіч.

свяці́льнасць, ‑і, ж.

Спец. Велічыня поўнага светлавога патоку, які выпрамяняецца адзінкай паверхні крыніцы святла. Свяцільнасць зоркі.

свяці́льнік, ‑а, м.

Разм.

1. Тое, што і свяцільня. Потым успыхнула святло — пад нізкай каменнай столлю віселі цьмяныя электрычныя свяцільнікі. Шыцік.

2. перан. Тое, што і светач (у 3 знач.). Гэта — свяцільнік Бабруйшчыны, — рэкамендаваў Тарас Іванавіч Садовіча. Колас.

свяці́льны, ‑ая, ‑ае.

Які выкарыстоўваецца для асвятлення. Свяцільнае масла.

свяці́льня, ‑і, ж.

1. Асвятляльная прылада ў выглядзе невялікай бляшанай лямпы, лампады, у якую наліваецца масла, тлушч і пад. Замест электрычнасць Сіта, іхняя [Івана і Аляксея] перакладчыца, прынесла медную свяцільню. Б. Стральцоў. // Высокая падстаўка для асвятляльных прылад, свечак. — Толькі ў мяне Машэка жыве, — заўважыў Купала, — у звычайнай бярлозе ў лясным гушчары, а ў вас там — цэлы падземны палац, з дыванамі ды свяцільнямі. Рамановіч. / у паэт. ужыв. Не, сэрца не каменьчык, Абросшы мохам, цвіллю, Яно — нібы агеньчык, Яно — мая свяцільня. Матэвушаў.

2. Вялікая асвятляльная прылада, а таксама арматура да яе.

свяці́цца, свячуся, свецішся, свеціцца; незак.

1. Выпраменьваць святло. На ясным небе загараліся зоркі, дрыгацелі, свяціліся рознакаляровымі агеньчыкамі. Колас. // Быць асветленым якой‑н. крыніцай святла. Вокны ў доме свяціліся, але ніхто на грук не выходзіў. Навуменка.

2. Зіхацець, блішчаць пад уздзеяннем святла. Сонца ўсходзіла хораша. Вялікае, рыжае, яно ўзнімалася над горадам, і ўсё — шызаватае неба, паветра, дамы — пачало ружавець, свяціцца. Карпаў. Колькі свеціцца ў ім [бару] ствалоў, Маладых, прамяністых, гонкіх, Распачаўшых у неба гонку, Колькі свеціцца ў ім ствалоў! Тармола. // Выдзяляцца сваёй белізной на іншым фоне, быць бачным з-пад чаго‑н. З-пад каўняра бушлата свяціўся гюйс фланелькі, як кавалачак сіняга мора, і хораша, прыгожа адцяняў загарэлы твар і шыю. Шамякін.

3. перан. Іскрыцца радасцю, святлом, ажыўляцца ад шчасця, радасці (пра твар, вочы). Твар [дзяўчыны] свеціцца такім цяплом і дабратой, што, здаецца, хапіла б іх на ўсю планету. Аляхновіч. Радасцю свяціліся вочы трактарыста... Бялевіч. // Адлюстроўваць нейкія пачуцці (пра вочы, твар, знешнасць чалавека). Маці ўзняла галаву, у вачах свяціўся гонар за сына. Гурскі. Амаль усе.. [вучні] былі па калена мокрыя, але на іх тварах свяціліся радасць і задаволенасць. Скрыпка. На бадзёрых тварах усіх, нават Яшы Лабуса, які аж прыгнуўся пад цяжарам свайго баяна, свяцілася адзнака шчаслівага і ганаровага абавязку. Грамовіч. // Выражаць знешнім выглядам задавальненне, шчасце, радасць. Доктар быў вясёлы, радасна свяціўся, але, пабачыўшы Олю, адразу нахмурыўся. Мележ. // Спадзявацца на што‑н. Тое, што скрашвала зараз яго незайздроснае жыццё і свяцілася нейкай жаданай надзеяй на сустрэчу з партызанамі, загінула беззваротна. Якімовіч.

4. перан. Станавіцца бачным. Перад чытачом раскрываецца далей яшчэ адна сардэчная Галіна тайна, праз якую свеціцца яе душэўная чысціня. Майхровіч. Ва ўсіх лепшых творах сучаснай беларускай лірыкі свеціцца вялікая любоў да чалавека, спагадлівасць, сардэчнасць. Гіст. бел. сав. літ. Каб ярка свяцілася.. слова, Каб людзям зіхцела — на ўсе бакі, Яго шліфавалі як след, адмыслова Найлепшыя ў свеце тачылы — вякі. Цвірка.

свяці́ць 1, свячу, свеціш, свеціць; незак.

1. Выпраменьваць святло ў прастору. Некалькі дзён быў дождж, а сёння свеціць сонца. Брыль. Спі, маленькі мой сыночак! Вочкам не міргні: Свеціць месяца кружочак, Ты ж аб долі спі. Купала. Па небе плыў, амаль што бег месяц, была ноч, свяцілі то тут, то там, прарэзаўшыся праз рэдкія хмары, зоры. Сачанка. Грукала цяпер ужо цішэй і недзе збоку, далёка за Лонвай. Толькі маланкі свяцілі і свяцілі, ад іх рабілася цямней і на дарозе, і ў полі. Пташнікаў. // Накіроўваць святло асвятляльнага прыбора ці іншай крыніцы святла ў які‑н. бок. Убачыўшы Курловіча,.. [Дзям’ян] працягнуў з падкрэсленай пашанай: «А-а-а!» — і стаў, ідучы, старанна свяціць яму пад ногі. Дуброўскі. Архіп Паўлавіч дастаў ліхтарык і доўга свяціў ім. Шашкоў. // перан.; каму. Прыносіць радасць, шчасце, здавальненне. Я помню толькі ясныя раніцы, ясныя дні і вечары, бо Ганіна каханне свяціла мне, як само сонца. Чарнышэвіч. Жыў чалавек на свеце, Якому лёсам суджана было Сказаць, Што шчасце толькі смелым свеціць, Што толькі ў рэвалюцыі святло... Свірка.

2. Ззяць, адбіваючы святло, прамені. На гімнасцёрцы ветэрана свяцілі медалі. // Вылучацца сярод іншых прадметаў сваім светлым колерам, быць бачным, віднецца (пра што‑н. светлае). Белымі прамавугольнымі плямамі свяціла падлога. Гэта сталяр уставіў на месца праламаных дошак новыя. Нядзведскі. Меншы [хлопец] быў у вялікай чорнай кепцы — пасунулася аж на вочы; з’ехалі штаны, і на спіне свяціла голае цела — вузкай белай палоскай. Пташнікаў. // Выглядаць, быць старым, трухлявым і пад. (пра дзіравае адзенне, збудаванне і пад.). Пакрыўленае гуменца свяціла прарэхамі ў страсе. Пестрак.

3. перан. Іскрыцца святлом радасці (пра вочы); быць азораным унутраным святлом (пра твар). Ты ж, як праходзіш знаёмаю сцежкай, свеціш сустрэчным гарэзнай усмешкай. А. Вольскі. Аб шчасці марыцца, калі Нязгасным бляскам вочы свецяць... Тарас.

4. Траціць здольнасць бачыць; слепнуць (пра вочы). [Дзед:] Вочы дрэнна ўжо свецяць, Пачытай ты мне, голубе. Гілевіч. Ледзь не грудзьмі ўзлёгшы на руль, выехаў [каваль] з гаража, узяўся на дарогу і тут адчуў, што і рукі млеюць, і вочы слаба свецяць. Кулакоўскі.

5. перан. Заставацца неўміручым, вечным. Але песня не памерла, яна свяціла і будзе свяціць праз вякі, бо толькі ў ёй ідэал народнага шчасця. Навуменка. Памяць пра Коласа... Гэта яго кнігі, якія будуць свяціць вечна. «ЛіМ».

•••

Свяціць вачыма — аказацца ў няёмкім становішчы, знаходзіцца ў стане разгубленасці.

Свяціць голым целам — быць апранутым у падраную вопратку, бедна.

свяці́ць 2, свячу, свеціш, свеціць; незак., каго-што.

Выконваць над кім‑, чым‑н. царкоўны абрад асвячэння; асвячаць. Свяціць ваду. Свяціць хлеб. □ З самае раніцы ў царкву, што стаяла за мястэчкам, ішлі людзі свяціць вярбу. Лупсякоў.

свячэ́нне, ‑я, н.

Стан паводле дзеясл. свяціцца (у 1 знач.); выпраменьванне святла. Свячэнне фосфару. / у перан. ужыв. Нібы глыбіннае свячэнне, Душы маўклівае агонь. Усё зямное азначэнне — Твая сяброўская далонь. Вярба. Бачу — Кветкі бярэ І пляце, Спалучае Сінь фіялак І лотаці жоўтай свячэнне... Кусянкоў.

свяшчэнна...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «свяшчэнны», напрыклад: свяшчэннадзейны, свяшчэннаслужыцель.

свяшчэннадзе́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Выконваць царкоўны абрад, адпраўляць набажэнства.

2. перан. звычайна іран. Рабіць што‑н. урачыста і важна. — Вы толькі паглядзіце, — гаварыў Сямён, — з якім выглядам распісваецца ў ганарарнай ведамасці Васіль Агнёў! Хіба ж ён не свяшчэннадзейнічае? Васілёнак.