Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыла́ддзе, ‑я, н., зб.

Разм. Сукупнасць прылад для выканання якога‑н. аднаго працэсу, аднаго напрамку работ. Рыбацкае прыладдзе. □ Пад паліцаю вісіць на іржавых цвіках усё прыладдзе вясковай капэлы: дзве скрыпкі і бубен. Чорны. [Качан] затрымаўся быў трохі ў памяшканні пункта, дзе надзяваў.. рабочы камбінезон і браў сваё прыладдзе. Васілёнак.

прыла́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыладзіць.

прыла́джванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прынаджваць — прыладзіць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. прыладжвацца — прыладзіцца.

прыла́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыладзіцца.

2. Зал. да прыладжваць.

прыла́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыладзіць.

прыла́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

1. Размясціцца дзе‑н. Віктар хутка ўзлез, ёмка прыладзіўся на галіне і запусціў у дупло руку. Маўр. Сабе Апейка папрасіў кухаль піва; пакуль буфетчыца налівала, агледзеўся, дзе б прыладзіцца. Мележ.

2. Атрымаць якое‑н. месца, становішча; уладкавацца на работу. Брат Ціхан вярнуўся з вайны, але жыць дома не стаў — паехаў у Сібір і прыладзіўся там недзе на чыгунцы. Хадкевіч. Пяты брат працаваў на абутковай фабрыцы, куды дапамог прыладзіцца на працу Джыавані. Лынькоў. Казалі людзі, пашанцавала Сымону: прыладзіўся недзе служыць стрэлачнікам. Шынклер.

3. Прыстасавацца, падладзіцца пад каго‑, што‑н.; набыць навык рабіць што‑н. Прыладзіцца пад хаду спадарожніка. Прыладзіцца пісаць левай рукой. □ [Горбікаў] выдаваў сябе за бежанца з Фацежскага раёна, умеў сарыентавацца ў абстаноўцы, прыладзіцца да людзей, выклікаць у іх спагаду да сябе. Дудо.

4. Разм. Далучыцца да каго‑, чаго‑н. з карыслівымі мэтамі; прымазацца. Прыладзіцца да чужой славы. Прыладзіцца да чужой працы.

прыла́дзіць, ‑ладжу, ‑ладзіш, ‑ладзіць; зак.

1. што. Прымацаваць, прырабіць што‑н. да чаго‑н.; прыбудаваць. Прыладзіць аглоблі да саней. □ Габрыня падышла да музычнай скрыначкі, выбрала металічны кружок, прыладзіла яго да скрыначкі, завяла і пусціла. Колас. — Калі будзеш дома жыць, дык хоць сенцы якія прыладзім з дошчак ці другое што... Цесна... Галавач. // каго-што. Пакласці, размясціць што‑н. дзе‑н. звычайна зручна, ёмка. Гаспадыня сама выбрала ўсё найлепшае, навязала ў настольнік даволі вялікі вузел, прыладзіла яго сабе на плечы. Шамякін. Вулей прыладзілі на козлы, у ногі палажылі пляскаты камень. Колас. Таццяна прыладзіла свае начоўкі і ўзялася за бялізну. Зарэцкі.

2. што. Зрабіць прыгодным для выкарыстання ў якіх‑н. мэтах. Я пачысціў рыбу, а стары прыладзіў сошкі і падвесіў над агнём кацялок. Ляўданскі. Дома [Патапчык] сапраўды прыладзіў прэнт на завалу ў конскі хлеў, і гэта яму спадабалася. Чарнышэвіч. // Падрыхтаваць. [Лявон:] Вы тут пасядзіце, а я пайду і мігам прыладжу ўсё к дарозе. Купала.

3. што. Зрабіць адпаведным па памерах, падагнаць. Жанчыны прымералі, падправілі, прыладзілі яго [адзенне]. Маўр.

4. перан.; каго. Разм. Уладзіць каго‑н. на якое‑н. месца, на якую‑н. пасаду. Працуючы на заводзе, прыладзіў туды і сына, але цераз тры гады, навучыўшы сына рамяслу, пастаяў, каб падаўся сын у студэнты. Галавач. «Куды б яго прыладзіць, у ездавыя — там таксама патрэбна паваротлівасць, а больш, куды можна перавесці ва ўзводзе?» Мележ. Старэйшы сын Белавуса.. забраў брата Аляксея ў Пецярбург і недзе там прыладзіў у афіцэрскую школу. Скрыпка.

прыла́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прыладзіць (у 1–3 знач.).

2. Спец. Падрыхтоўчы працэс перад друкаваннем, які заключаецца ва ўстаноўцы формы, рэгуліроўцы ціску і падачы фарбы на форму.

прыладкава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.

Разм. Тое, што і прыладзіцца. Пасля гэтага [Міканор] прынёс аднекуль кошык бульбы, прыладкаваўся побач з Юзікавым ложкам і пачаў абіраць. Кулакоўскі. Панкратаў прыладкаваўся дзесьці рахункаводам, я — у райпрамкамбінаце — кладаўшчыком. Бялевіч.

прыладкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і прыладзіць. Злосць узяла Славу. Да вогнішча ён вярнуўся пахмуры. Моўчкі прыладкаваў кацялок над агнём. Шыловіч. От бы прыладкаваць і яго абедзвюх старэйшых [дачок] у нянькі. Паўлаў.