прыла́дзіць, ‑ладжу, ‑ладзіш, ‑ладзіць; зак.

1. што. Прымацаваць, прырабіць што‑н. да чаго‑н.; прыбудаваць. Прыладзіць аглоблі да саней. □ Габрыня падышла да музычнай скрыначкі, выбрала металічны кружок, прыладзіла яго да скрыначкі, завяла і пусціла. Колас. — Калі будзеш дома жыць, дык хоць сенцы якія прыладзім з дошчак ці другое што... Цесна... Галавач. // каго-што. Пакласці, размясціць што‑н. дзе‑н. звычайна зручна, ёмка. Гаспадыня сама выбрала ўсё найлепшае, навязала ў настольнік даволі вялікі вузел, прыладзіла яго сабе на плечы. Шамякін. Вулей прыладзілі на козлы, у ногі палажылі пляскаты камень. Колас. Таццяна прыладзіла свае начоўкі і ўзялася за бялізну. Зарэцкі.

2. што. Зрабіць прыгодным для выкарыстання ў якіх‑н. мэтах. Я пачысціў рыбу, а стары прыладзіў сошкі і падвесіў над агнём кацялок. Ляўданскі. Дома [Патапчык] сапраўды прыладзіў прэнт на завалу ў конскі хлеў, і гэта яму спадабалася. Чарнышэвіч. // Падрыхтаваць. [Лявон:] Вы тут пасядзіце, а я пайду і мігам прыладжу ўсё к дарозе. Купала.

3. што. Зрабіць адпаведным па памерах, падагнаць. Жанчыны прымералі, падправілі, прыладзілі яго [адзенне]. Маўр.

4. перан.; каго. Разм. Уладзіць каго‑н. на якое‑н. месца, на якую‑н. пасаду. Працуючы на заводзе, прыладзіў туды і сына, але цераз тры гады, навучыўшы сына рамяслу, пастаяў, каб падаўся сын у студэнты. Галавач. «Куды б яго прыладзіць, у ездавыя — там таксама патрэбна паваротлівасць, а больш, куды можна перавесці ва ўзводзе?» Мележ. Старэйшы сын Белавуса.. забраў брата Аляксея ў Пецярбург і недзе там прыладзіў у афіцэрскую школу. Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)