прыкру́чванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыкручваць — прыкруціць.
прыкру́чвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прыкруціцца.
2. Зал. да прыкручваць.
прыкру́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыкруціць.
пры́кры, ‑ая, ‑ае.
1. Які не падабаецца; непрыемны, брыдкі. Шэрыя хмары віселі нізка-нізка, часамі сыпаўся дробны дожджык, прыкры і халодны. Чарнышэвіч. [Лабановіч] закурыў, каб перабіць прыкрыя думкі. Колас. Нехта хіхікаў тонкім, прыкрым смяшком. Хадкевіч. // Пакутлівы, цяжкі. — Добра ў нас, Федзя! — сказаў [Шэршань], каб неяк парушыць прыкрую цішыню, якая ўсталявалася пасля адыходу людзей. Лынькоў. У хаце запанавала глухая і прыкрая маўчанка. Васілевіч. Нельга было адкінуць прыкрае адчуванне, што ззаду цэляцца ў спіну. Мележ.
2. Які выклікае пачуццё незадавальнення; крыўдны. Прыкры выпадак. □ На сэрцы застаўся прыкры асадак ад чутага і бачанага. Гартны. — Я лепш пасяджу галодны дзень, але каб я спакоен быў і каб ніхто мне не мог слова сказаць прыкрага. Чорны.
3. Надакучлівы, нязносны. Зялёная, насычаная сонцам цішыня поўніцца прыкрым гудзеннем заядзі. Брыль. Боль толькі, з’едлівы, прыкры, у спіне ўзмацніўся. Мікуліч.
4. Прытарны, агідны. Прыкрая ласкавасць. □ Без рамантыкі, прыкрай і лішняй, .. адзначаем — батрак колішні і навуку любіў і работу. Дубоўка.
прыкрыва́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыкрываць — прыкрыць і прыкрывацца — прыкрыцца.
прыкрыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прыкрыцца.
2. Зал. да прыкрываць.
прыкрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыкрыць.
прыкры́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыкрыкнуць.
прыкры́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Крыкнуць, павысіць голас на каго‑н., каб прымусіць зрабіць што‑н. Праз адчыненыя дзверы заляцела аднойчы ў клас нейкая маленькая птушынка.. Дзеці кінуліся лавіць яе. Лабановіч прыкрыкнуў і спыніў іх. Колас. [Надзя] ведала, калі лепш памаўчаць, калі лепш прыкрыкнуць на хлопцаў і добра палаяць іх. Васілевіч.
прыкры́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыкрыць.