Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

святля́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Не зусім светлы, светлаваты. Час, мабыць, мінаў за поўнач — маладзічок узлез у самую высь неба і ціха бліскаў там, завалочаны святлявым мроівам. Быкаў.

2. З светларусымі валасамі. Другі быў яшчэ шырэйшы ў плячах і ростам вышэйшы, а дабрадушным тварам, з вялікай святляваю галавою. Колас.

святля́к, светляка, м.

Невялікае насякомае сямейства жукоў, якое свеціцца ў цемры. Хмары камароў звінелі ў паветры, .. і быстрыя агеньчыкі першых светлякоў мігцелі там і тут. Самуйлёнак. Ля дарогі, у мясцінах, дзе было ніжэй, бледна-зялёна гарэлі светлякі,.. [Марусаў] браў іх у рукі — яны холадна тлелі, пакуль не адаграваліся ў далоні. М. Стральцоў.

свято́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць святочнага. Паліна ўсё заставалася яшчэ ў настроі той прыўзнятай святочнасці, якую перажывае чалавек у такі дзень. Кавалёў. // Святочны выгляд. [Вітрыны] звычайна аздоблены з любоўю, з добрым густам, і іх прыгожы выгляд надае пражскім вуліцам нейкую святочнасць. Мележ.

свято́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да свята. У першы святочны дзянёк выйшаў настаўнік на знаёмую яму сцежку, каля двух ветракоў, і пайшоў на чыгунку. Колас. // Які наладжваецца ў гонар свята, праводзіцца ў час свята, звязаны са святам. Святочны салют. Святочны канцэрт. □ Стравы на святочны стол падаюцца ў наступным парадку. Раней ставяцца халодныя закускі — ікра, рыбныя вырабы, розныя салаты і іншае. Пасля халодных закусак можна падаваць гарачыя стравы. «Звязда». Сягоння на Плошчы Чырвонай Святочны вайсковы парад. Аўрамчык. // Урачысты. Святочны марш. Святочная музыка.

2. Прыбраны, прыгожы, не будны. Аднекуль з’явіліся школьнікі з кветкамі, з чырвонымі сцяжкамі, і вуліца стала ўрачыстая, святочная. Карпаў. // Прызначаны для свята. Хай роўнаю стане Між днямі нядзеля — Святочнае ўбранне Дзень кожны надзене. Непачаловіч. То.. [настаўніка] бачылі ў святочным новенькім гарнітуры, калі ён з’яўляўся на заняткі або ішоў на прагулку, то ў звычайным рабочым, калі ён корпаўся ў садку. Якімовіч. Назаўтра.. [Аксеня] прайшлася перад маім акном у новым святочным плацці. Лупсякоў. / у знач. наз. свято́чнае, ‑ага, н. Стары Рувін, дзядзька і цётка апрануліся ў святочнае. Бядуля.

3. перан. Урачысты, узняты, вясёлы, шчаслівы (пра чалавека). Ішоў к табе я на сустрэчу Святочны, шчасны, малады. Прыходзька. Нупрэй не прапускае ніводнай сынавай лекцыі. У клубе сядзіць на першым радзе — яснатвары, святочны. Ракітны. // Уласцівы такому чалавеку, такім людзям. У цэху святочны настрой. Мыслівец.

свято́ша, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Іран.

1. Чалавек, які прытвараецца і выдае сябе набожным; ханжа. Дзе бог, там і распуста, — Пад крыльцам божым бруд ямчэй хаваць. Святошы ўмеюць шырму святасці саткаць Даволі густа. Корбан. Веруючым карысна ведаць сапраўдны твар гэтых [карыслівых і хцівых] святош. «Звязда».

2. Разм. Пра ціхага, сціплага чалавека. — А ну яе! Святошу з сябе выстаўляе! Нават жартаў не разумее! — адказаў.. [Казак], мацаючы шчаку. — Дай закурыць, Барташэвіч, братка. Карпюк.

свя́тцы, ‑аў; адз. няма.

Царкоўная кніга, у якой змешчаны пералік усіх святых і царкоўных свят у каляндарным парадку. [Ніна] пачала здалёк; — Гэта я і імя такое ім параіла.. — У якіх святцах ты яго выкапала? Шамякін.

святы́, ‑ая, ‑ое.

1. Паводле рэлігійных вераванняў — надзелены абсалютнай дасканаласцю і чыстатой, боскай сілай. Святая тройца. Святая вада. □ — Схадзі, сірацінка, пакліч Сымона-кантычніка. Няхай над нябожчыкам святыя словы чытае. Бядуля. // Ужываецца як пастаянны эпітэт да слоў, якія абазначаюць прадметы і месцы рэлігійнага пакланення. Святая царква. □ Святая пасцель небасхіла Крывавай імглой заплывала, Пасад заручальны магілай Пуціна сляпая хавала. Купала. Вунь там, за какосавым гаем, руіны старажытнага храма. Месца лічыцца святым. Б. Стральцоў.

2. У хрысціянскім кульце — чалавек, які ўсё жыццё служыў богу ў царкве, а пасля смерці прызнаны нябесным заступнікам веруючых. Святы Ілля сядзеў задумна, Самотна тоячы аб разу. Гаўрусёў. / у знач. наз. святы́, ‑ога, м.; свята́я, ‑ой, ж. З палотнішчаў старых абразоў на яго глянулі строгія, хоць і выцвіўшыя, твары святых. Колас. Там [у Вільні] ёсць каму кланяцца, гнуць спіну, ёсць перад кім поўзаць на каленях і ў сваёй слепаце ліць слязу за слязою перад абразамі святых, якім і ліку няма. Пестрак. / у іран. ужыв. Пелагея.. з крыкам кінулася да.. [Маеўскага і Тацяны]: — Што? Што вы седзіцё тут, як святыя? А там кароўку павялі... Шамякін.

3. перан. Высокай маралі, бездакорны ў сваім жыцці, паводзінах. Ты спяшала туды, Маладая, святая. І пасоўваўся бераг насустрач табе. Чэрня. // Не вінаваты перад кім‑н. у чым‑н.; бязгрэшны. [Галіна:] — От бачыш, і я саграшыла перад табою, і я не святая, як думала сама сабе. Скрыган.

4. Высакародны, чысты, узвышаны. Я перадам святую праўду века, Што ў промнях сонца, з дыму і крыві Да новых зор узнёсла чалавека Для шчасця і вялікае любві! Грахоўскі. І зведаў пераможаны Берлін Святы наш гнеў, святую нашу літасць; Не толькі помсціць за сяброў забітых — Жывых сяброў мы ратаваць ішлі. Жычка. // Высокі, пачэсны. Святы абавязак. □ Гэта дзіця загінуўшай маці; яе [Тацяны] святы доўг захаваць і вырасціць яго... Шамякін. // Шчыры, сапраўдны. Хай беражэ цябе ад кулі І ад варожых злых штыкоў Святое пачуццё матулі — Мая бязмежная любоў. Глебка.

5. Паважаны, дарагі, любімы. Ты [Мінск] — наша сталасць, Нашае юнацтва І наш святы двухкаляровы сцяг. Прыходзька. Сню цябе, Беларусь, па начах, Адзіную ў свеце, святую. Астрэйка. / у знач. наз. святы́, ‑ога, м. І ўсё, што ў нас святога ёсць — Радзіма, воля, слава, чэсць, — Мы пранясём праз гром, агонь, Варожых сіл раскрышым бронь. Колас. Здрадзіць [дадзенаму слову] для.. [Ніны] — значыць адрачыся ад усяго святога. «Маладосць».

6. перан. Якім даражаць, якога шануюць. Часу не хапала, ён [Лоўгач] затрымліваўся позна, рэдка прыходзіў абедаць, і толькі ранішнім гадзіны былі для яго святыя. Савіцкі. Даўно мінулі дні атак. На ўзбярэжжы Нёмна Стаіць падбіты грозны танк — Святы суровы помнік. Панчанка. З братамі дзяліліся хлебам, Што вырас у стэпах данецкіх Пад зорным, апаленым небам, Святым нашым хлебам савецкім. Танк.

7. Непахісны, непарушны. Наш святы жыцця закон Мы ў кнігу дружбы запісалі. Колас.

•••

Святы айцец гл. айцец.

Скокі святога Віта гл. скокі.

Адправіцца да святых на чай (чай піць) гл. адправіцца.

Бог святы ведае гл. бог.

На святыя ніколі — ніколі, аніколі.

Не святыя гаршкі лепяць — кожнаму пад сілу, усякі чалавек гэта можа зрабіць.

Святая прастата — пра наіўнага, прастадушнага, няхітрага чалавека. Тады малады дзесятнік пачаў заляцацца. Нічога ж пра яе не ведае, шчабеча ўвесь вечар — святая прастата. Мыслівец.

Святая праўда (ісціна) — бясспрэчная, безумоўная праўда, ісціна. Усё, што гаворыць Антон сваім слухачам, беларускім сялянам, ацэньваецца імі як святая праўда. Ларчанка.

Святая святых — а) пра што‑н. тайнае, недаступнае. [Штрыпке:] — Тонкасці гэтай справы, святая святых яе, для мяне недаступны. Лынькоў; б) пра што‑н. самае дарагое, запаветнае. [Прэзідэнт:] Мне шчыра шкада.. [Андрэя], але стрэлам у судзе злачынца зрабіў замах на святая святых нашай дзяржавы, на яе фундамент, на закон. Кучар.

Святы дух гл. дух.

Святым духам гл. дух.

святы́ня, ‑і, ж.

1. Прадмет або месца для пакланення веруючых. Палесцінскія святыні. □ — Расколы, расколы! — трос галавою дзед Марцін. — Не хочаш ты богу маліцца, маліся чорту лысаму, але навошта гэты здзек над святыняю? Колас.

2. перан.; звычайна чаго або якая. Што-небудзь асабліва дарагое, вельмі паважанае, любімае. Імёны герояў камуністычнага руху, прыклады мужнасці і вернасці справе рабочага класа назаўсёды застануцца святыняй для ўсіх сапраўдных рэвалюцыянераў. Брэжнеў. Славу нашай рэспублікі, што здабыта ў баях агнявых, Берагуць, як святыню. Панчанка.

свяце́йшы, ‑ая, ‑ае.

Састаўная частка тытулавання праваслаўных патрыярхаў і сінода, а таксама рымскіх пап. Свяцейшы сінод. Свяцейшы патрыярх.

свяці́ла, ‑а, н.

1. ДМ ‑е. Нябеснае цела, якое выпраменьвае святло ў касмічную прастору або свеціць адбітым святлом. Сонца ж агніста паблісквае. Я шчодрасць свяціла цаню. Калачынскі. Мы вырваліся ў незямныя высі, Зірнулі ў твар нязведаных свяціл, І нашы мары з яваю зрасліся, Як пара дужых сакаліных крыл. Матэвушаў.

2. ДМ ‑у; чаго або якое. Чалавек, які набыў вялікую вядомасць у пэўнай сферы дзейнасці, праславіў навуку або культуру сваім талентам. [Кастусь:] — «Современник» чытаю даволі рэгулярна. І, ведаеш, у жнівеньскай кніжцы новае імя. Памяні маё слова, калі мы не дачакаліся новага свяціла. Ён рускі. Прозвішча — Дабралюбаў. Караткевіч. [Мікола:] — Вось дзівак! Ты пабачыш, якая там абарона будзе. Я чуў, што ўжо ідуць перагаворы з самымі лепшымі адвакацкімі свяціламі Варшавы. Машара.