Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

заступле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. заступаць — заступіць (у 2 знач.).

засту́пнік, ‑а, м.

Той, хто заступаецца за каго‑н.; абаронца. Ва ўсіх творах маладога Купалы чуецца голас паэта-гуманіста, б’ецца гарачае сэрца паэта-грамадзяніна, заступніка працоўных. Івашын. — Гэта ж галасаваць неўзабаве будуць. Дык ты, брат, глядзі, галасуй за дзевяты нумар, за бальшавікоў, за Леніна. Ён — наш бядняцкі заступнік. Сабаленка.

засту́пніца, ‑ы, ж.

Жан. да заступнік.

засту́пніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да заступніка, заступніцтва. Заступніцкія словы. Заступніцкія дзеянні.

засту́пніцтва, ‑а, н.

Дзеянні заступніка, заступнікаў; абарона. Думка пра тое, каб дабіцца заступніцтва начальства, вярэдзіла душу [Глушака]. Мележ. Заступніцтва за Лізу так проста для Яшы не абышлося. Навуменка.

застыва́нне, ‑я, н.

Стан паводле дзеясл. застываць — застыць (у 1 знач.).

застыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да застыць.

засты́глы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і застылы. Быльнік па краях адхону, слабенькі, узорысты іней на ім, канаўка побач на поплаве, ледзь-ледзь толькі застыглая. Кулакоўскі. Каменныя львы драмалі. Застыглая ўсмешка не сыходзіла з іх белых вачэй. Бядуля.

засты́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. застыг, ‑ла; зак.

Разм. Тое, што і застыць. Шырокая паласа вады як бы застыгла, толькі вызначаюцца дзе-нідзе ледзь прыкметныя віры. Лупсякоў. Раптам Янаш бадзёра прыўзняў вузкаполы капялюш і застыг у маўчанні. Няхай.

засты́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан застылага. Дуб стаяў нерухома ў сваёй паважнай застыласці, трымаючы ў развілінах ёмкі ком снегу. Колас. І раптам твар [Мішурына] пачаў зменьваць рысы і новая пячаць наплывала на яго. Ужо зусім сышлі адзнакі анямеласці і застыласці. Чорны.