Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прызна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што. Па якіх‑н. знешніх прыкметах выявіць, убачыць у кім‑, чым‑н. знаёмага або што‑н. знаёмае; пазнаць. [Марыя Іванаўна] добра да яго прыгледзелася, нават падышла бліжэй і з вялікім здзіўленнем прызнала ў ім былога ахоўніка завода. Няхай. Ледзь прызнаў яе. Некалі бачыў маленькай дзяўчынкай, а цяпер — нявеста. Пянкрат. Але Крыма сады, Як жа іх не прызнаць, І з якімі садамі Яны параўнаюцца?! Тарас.

2. каго-што. Палічыць кім‑, чым‑н., за каго‑, што‑н., якім‑н. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Мележ. І не такі .. [Мартын] чалавек, каб бяссільна палажыць вясло і прызнаць сябе пераможаным. Колас.

3. каго-што. Палічыць законным, зацвердзіць сваёй згодай права на існаванне чаго‑н. Прызнаць дзяржаву. □ Лепей згінуць у змаганні за сваю волю, за права будаваць сваё жыццё па-свойму, чым прызнаць панскую ўладу і панскую волю. Колас.

4. каго-што. Ацаніць каго‑, што‑н. па заслугах. І ўсё ж... карціну не прызналі; Адна з прычын тае бяды: Блакіт і сонца — ўсе дэталі Не з неба ўзяты, а з вады. Непачаловіч.

5. што і з дадан. сказам. Дапусціць рэальнасць, наяўнасці, чаго‑н.; згадзіцца з чым‑н. Прызнаць свае памылкі. □ [Хлапец] з вінаватай, кплівай усмешкай пакруціў галавою, перад усімі прызнаў кволасць сваю: — Запарыўся!.. Мележ. Сцёпка змушан быў прызнаць сваё паражэнне. Колас. Чалавек сумленны, Міхал таксама не мог не прызнаць, што начальнік цэха меў рацыю. Карпаў. // Прыйсці да якога‑н. заключэння, вываду; устанавіць. Жанчына ляжала, як нежывая. — Ад хворых нерваў, — прызнаў доктар. Чорны. Грышка рад, бо ўсе прызналі, Што найлепшы ён стралок. А. Александровіч.

прызна́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прызначыць.

2. у знач. прым. Той, што прызначылі; умоўлены; не выпадковы. Яшчэ задоўга да прызначанага часу перад аўдыторыяй тоўпяцца студэнты ў чаканні сваёй чаргі. Шахавец. Федзя прыйшоў на прызначанае месца самым першым. Ваданосаў.

прызнача́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да прызначаць.

прызнача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прызначыць.

прызна́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. каго-што. Загадзя намеціць каго‑, што‑н. для якой‑н. мэты, патрэбы; даць назначэнне каму‑, чаму‑н. Прызначыць участак для забудовы. □ Раз дырэктар .. [Каліну] прызначыў быць тут, аддаў яму ключы, значыць, ён не мае права пакінуць школу, што б там ні было. Няхай.

2. каго. Паставіць, накіраваць на якую‑н. работу, пасаду і пад. Пасля заканчэння будаўнічай школы [Чабатар] працаваў трохі каменшчыкам, а потым яго прызначылі брыгадзірам. Кулакоўскі. [Тарасевіча] прызначылі загадчыкам сектара эканомікі замест Рымара, якому прапанавалі іншую работу. Арабей. Праз паўгода Міцька быў на практыцы, а пасля яго прызначылі на катэр. Лупсякоў.

3. што. Загадзя намеціць, вырашыць зрабіць, правесці што‑н., звычайна дамовіўшыся аб умовах. Прызначыць сустрэчу. Прызначыць сход. □ На сход збіраліся добрых тры гадзіны: прызначылі ў сем, а пачалі а палове адзінаццатай. Шамякін. Збор камітэта Арон прызначыў на нядзелю. Мурашка. // Наканаваць, прадвызначыць. Такі мой лёс: з юнацкіх дзён ён вандраванні мне прызначыў. Дубоўка. // Дамовіцца аб чым‑н.; назначыць. Прызначыць час. Прызначыць месца.

4. што. Устанавіць каму‑н. (пенсію, дапамогу і пад.). А рэўком [Кацярыне] паёк прызначыў І грашыма пасабляў. Броўка. Нельга без хвалявання чытаць прашэнні К. Каліноўскага на імя рэктара універсітэта прызначыць яму стыпендыю ці аказаць грашовую дапамогу. С. Александровіч.

5. што. Прадпісаць, назначыць (лячэнне, прыём лякарства і пад.). [Сабака:] «Дапамажыце, братцы, — просіць. — Прызначце мне ці ўкол які, Ці прыпішыце парашкі, А то дайшоў, што лапы ледзьве носяць». Корбан.

прызначэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прызначаць — прызначыць.

2. Рашэнне аб залічэнні на якую‑н. пасаду, работу, а таксама дакумент з такім рашэннем. Атрымаўшы прызначэнне ў Мінск, Кавалёў адразу хацеў забраць з сабою і сям’ю, але жонка не дала згоды. Чарнышэвіч. У кішэні ў .. [Рыгора] ляжала прызначэнне на працу аграномам у Васілішкі, у калгас «Сцяг Леніна». Краўчанка.

3. Роля, функцыя каго‑, чаго‑н. Група асобага прызначэння. □ Усё мае сваё месца і прызначэнне. Не прападае дарам ні лісток, ні пясчынка. Бядуля. Спецыяльнае прызначэнне гэтага пакойчыка — даваць прыпынак людзям, па той ці іншай справе наведваўшым калгас. Колас. Прызначэнне некаторых прылад было для .. [дацэнта] незразумелым. Шахавец. // Мэта, задача, прадвызначэнне. Грамадскае прызначэнне твораў К. Чорнага — ненавідзець і ганьбаваць чалавечыя заганы, якія заставаліся ў спадчыну ад мінулага. Кудраўцаў. Зусім яшчэ маладой дзяўчынай, неяк інстынктыўна ўгадваючы сваё прызначэнне ў новым, разам з вясковымі хлапцамі пайшла ў камсамол. Галавач. А можа, і трэба гарэць дашчэнту? А можа, і трэба жыць нам ахвярна? А можа, ўсё гэта і не марна? А можа, ў гэтым гарэнні-мучэнні наша вышэйшае прызначэнне? Вярцінскі.

•••

Па прызначэнню — у прызначанае, умоўленае месца (паслаць, перадаць і пад.).

прызыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прызвацца.

2. Зал. да прызываць.

прызыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прызваць.

прызы́ў, ‑зыву, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прызываць — прызваць (у 2, 3 знач.).

2. зб. Людзі, адначасова прызваныя ў армію. Прызыў мінулага года.

•••

Ленінскі прызыў — масавае ўступленне працоўных у рады Камуністычнай партыі ў 1924 г., якое з’явілася водгукам на смерць У.І. Леніна.

прызыўні́к, ‑а, м.

Той, хто прызываецца на вайсковую службу. У Беларусь Зыбін трапіў прызыўніком. Мележ. У клубе камсамольцы рыхтавалі прызыўнікам развітальны вечар. Гроднеў.