прызначыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. каго-што. Загадзя намеціць каго‑, што‑н. для якой‑н. мэты, патрэбы; даць назначэнне каму‑, чаму‑н. Прызначыць участак для забудовы. ▪ Раз дырэктар .. [Каліну] прызначыў быць тут, аддаў яму ключы, значыць, ён не мае права пакінуць школу, што б там ні было. Няхай.

2. каго. Паставіць, накіраваць на якую‑н. работу, пасаду і пад. Пасля заканчэння будаўнічай школы [Чабатар] працаваў трохі каменшчыкам, а потым яго прызначылі брыгадзірам. Кулакоўскі. [Тарасевіча] прызначылі загадчыкам сектара эканомікі замест Рымара, якому прапанавалі іншую работу. Арабей. Праз паўгода Міцька быў на практыцы, а пасля яго прызначылі на катэр. Лупсякоў.

3. што. Загадзя намеціць, вырашыць зрабіць, правесці што‑н., звычайна дамовіўшыся аб умовах. Прызначыць сустрэчу. Прызначыць сход. ▪ На сход збіраліся добрых тры гадзіны: прызначылі ў сем, а пачалі а палове адзінаццатай. Шамякін. Збор камітэта Арон прызначыў на нядзелю. Мурашка. // Наканаваць, прадвызначыць. Такі мой лёс: з юнацкіх дзён ён вандраванні мне прызначыў. Дубоўка. // Дамовіцца аб чым‑н.; назначыць. Прызначыць час. Прызначыць месца.

4. што. Устанавіць каму‑н. (пенсію, дапамогу і пад.). А рэўком [Кацярыне] паёк прызначыў І грашыма пасабляў. Броўка. Нельга без хвалявання чытаць прашэнні К. Каліноўскага на імя рэктара універсітэта прызначыць яму стыпендыю ці аказаць грашовую дапамогу. С. Александровіч.

5. што. Прадпісаць, назначыць (лячэнне, прыём лякарства і пад.). [Сабака:] «Дапамажыце, братцы, — просіць. — Прызначце мне ці ўкол які, Ці прыпішыце парашкі, А то дайшоў, што лапы ледзьве носяць». Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)