Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узду́цце, ‑я, н.

Спец. Пухліна, прыпухласць.

узды́біцца, ‑біцца; зак.

1. Стаць, узняцца на дыбкі. [Стась] выцяў варанога пад бакі. Жарабец уздыбіўся і памчаў. Грамовіч. Выскаліўшы пеністыя храпы, уздыбіліся коні. Лынькоў. // перан. Развар’явацца. — Я Алесю пра наша каханне расказаў, дык ён аж уздыбіўся, — каб змяніць гутарку, схлусіў Кастусь. Ваданосаў.

2. Падняцца ўгору, падняцца дыбам. Лёд на рацэ ўздыбіўся і пачарнеў, падточаны маладымі водамі з палёў і лугоў. Краўчанка. Вагоны з лязгатам уздыбіліся і паляцелі адзін за адным пад адхон. Няхай. Зрэдку пасівелыя валасы пана Даўнаровіча крыху ўздыбіліся, твар раптам нейк схуднеў. Пестрак.

узды́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.

1. Узняць на дыбкі. [Ельскі] сустрэўся са Сцяпанам. Па момант нібы зжахнуўся ад яго фігуры волата, а пасля ўздыбіў каня. Пестрак.

2. Падняць угору, падняць дыбам. Над сажалкай, уздыбіўшы ваду, імкліва пранёсся віхор і затрашчаў у каноплях. Ракітны. Міхалькоў з групаю адважных і ўжо вопытных падрыўнікоў так уздыбіў сваімі ўзрывамі шлях, што прывесці яго да ладу гітлераўцам будзе не так лёгка. Кавалёў.

узды́блены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уздыбіць.

узды́блівацца, ‑аецца.

Незак. да уздыбіцца.

узды́бліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уздыбіць.

узды́м, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. уздымаць — узняць і уздымацца — узняцца.

2. Рост, развіццё чаго‑н. Прамысловы ўздым. Гаспадарчы ўздым.

3. Натхненне, прыліў энергіі. Творчы ўздым. Працоўны ўздым. □ Андрэй доўга не можа супакоіцца, ён адчувае вялікі душэўны ўздым. Хромчанка.

4. Участак дарогі, які падымаецца ўверх. [Люся], маленькая, з цёмна-русявымі завіткамі, .. ішла па роўным схіле камяністага ўзгорка, на ўздым. Навуменка.

уздыма́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. уздымаць — узняць, уздымацца — узняцца.

уздыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да узняцца.

2. Зал. да уздымаць.

уздыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узняць.