Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыдаро́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Абл. Прытаміцца, стаміцца ў дарозе, за дарогу; здарожыцца. [Жанчына:] — Дык вядзі, вядзі сваю гаспадыньку. Бач, прыдарожылася. Лупсякоў.

прыда́так, ‑тка і ‑тку, м.

1. ‑тку. Тое, што з’яўляецца дадаткам да чаго‑н., што не мае самастойнага значэння. З адсталага аграрнага прыдатку імперыялістычных дзяржаў, з задворкаў Еўропы Латвія ператварылася ў высокаразвітую індустрыяльна-калгасную рэспубліку. «Звязда». // Тое, што дадаецца да чаго‑н., прыбаўляецца звыш чаго‑н. Бацькава тактыка была такая: выменьваць каня на горшага і атрымаць некалькі рублёў прыдатку. Бядуля.

2. ‑тка. Адростак, дадатковае ўтварэнне (у чалавека, жывёлы, раслін), якое страціла свае звычайныя функцыі. Мазгавы прыдатак. Рагавы прыдатак.

3. ‑тка. У сінтаксісе — азначэнне, выражанае назоўнікам, дапасаваным да азначаемага слова.

прыда́ткавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прыдатку. // Які з’яўляецца прыдаткам (у 2 знач.). Прыдаткавыя органы. Прыдаткавае ўтварэнне.

прыда́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прыдатнага; прыгоднасць.

прыда́тны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які мае патрэбныя для чаго‑н. якасці; прыгодны. Прыдатны для яды. Прыдатная для апрацоўкі зямля. □ Па яго [дзеда] выходзіла, што кожнае дрэва прыдатнае на што-небудзь адно: вось з гэта[й] сасны вокны б сухія былі. Мыслівец. Іван Маслуда сярдзіта накінуўся на Ігната: — А табе нечага пад’язджаць. Не да усякай справы прыдатны твае жарты. Лынькоў. // Які падыходзіць для каго‑, чаго‑н., адпаведны. Прыдатная кандыдатура. Прыдатны для работы час. □ Каб я зусім не заглух у вёсцы, сябры пачалі клікаць мяне ў Мінск, абяцаючы падшукаць прыдатную работу. Крапіва. Месяцы са два я не вылазіў з дому. Стукацеў на машынцы, кідаўся з кутка ў куток па пакоі, шукаючы прыдатнага слова. Сабаленка. // Здольны, здатны да чаго‑н., на што‑н. Дзед Сёмка маленькі, вяртлявы, Бародка як моху касмык, Прыдатны на смешныя справы. Вядомы дзівак-жартаўнік. Колас.

прыда́цца 1, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. прыдаўся, ‑далася, ‑далося; зак.

1. Аказацца патрэбным, спатрэбіцца; падысці. [Арлоўскі] добра разумеў, што яго ваенныя веды і вопыт вельмі прыдаліся б там, у Іспаніі, у барацьбе супроць фашызму. Паслядовіч. [Мілючок:] — У добрай гаспадарцы ўсё прыдасца. Брыль. — Дзякую за [з]ычлівае слова, — пачціва адказаў Лабановіч, — не ведаю толькі, як прыдамся да працы. Колас.

2. Выдацца, здарыцца. Сена, як на тое, прыдалося мурожнае, з дзяцелінай і хвошчыкам. Сачанка. Я дабра не спадзяваўся, Я там праўды не чакаў... Нешчаслівы дзень прыдаўся: У той дзень волю пахаваў. Колас.

прыда́цца 2, ‑дасца; пр. прыдаўся, ‑далася, ‑далося; зак.

1. Дадацца, далучыцца да каго‑, чаго‑н.; перадацца. Змалку Макар быў упарты, а душой як чыстае дзіця — кожны пакрыўдзіць. Цяпер ўпартасці прыдалося. Асіпенка. — Ад тужлівага вока гора малому прыдасца. Савіцкі.

2. Здацца, уявіцца. Як Ганне Сымонаўне прыдалося, яны — старэйшы з маладзейшым — і размаўлялі, а ўсе іншыя проста слухалі. Дубоўка. Я знячэўку падхапіўся нават: Можа, гэта проста прыдалося? Гілевіч.

прыда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць, ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; пр. прыдаў, ‑дала, ‑дало; заг. прыдай; зак.

1. каго-што. Дадаць да чаго‑н. дадаткова, звыш чаго‑н. У дапамогу танкістам [Сцяпан Фёдаравіч] прыдаў аўтаматчыкаў. Мележ. // што і чаго. Узмацніць, павялічыць у кім‑н. якую‑н. якасць, уласцівасць і пад. Свежая асенняя раніца прыдала бадзёрасці. Пальчэўскі. Малю й гукаю У няўхільную сінь: — З тугой адчаю Мяне не пакінь! У баі жыццёвым Адвагі прыдай, Надзеі словам Мяне прывітай. Жылка.

2. што. Надаць якую‑н. якасць, уласцівасць, стан чаму‑н. На чале груп стаялі спрактыкаваныя ў ваенных справах людзі. Яны стараліся прыдаць сваім падначаленым выпраўку і ваенны выгляд. Колас. Поўзаючы па пярыне, Юля спрабавала прыдаць ёй пышнасць. Гарбук.

3. што. Прыпісаць, надаць каму‑, чаму‑н. якое‑н. значэнне, каштоўнасць і пад.; укласці які‑н. сэнс у што‑н. Прыдаць значэнне. Не прыдаць увагі.

прыда́ча, ‑ы, ж.

Тое, што дададзена, прыдадзена, прыбаўлена да чаго‑н., звыш чаго‑н. На балоце там, дзесяцін гэтак чатырыста, а ён [пан] аддае вам іх за дзвесце і без усякай прыдачы, проста ў адмену. Галавач. — Прыдачу давай — не памяняю. Са сваёй стрэльбай я ўжо, хлопча, не аднаго звера ўклаў. М. Ткачоў.

•••

У прыдачу — звыш чаго‑н., у дадатак да чаго‑н. Коля захапіў з сабою пару самых большых гарачых грачанікаў з кавалкам сала ў прыдачу. Якімовіч.

прыда́шак, ‑шка, м.

Абл. Край даху, які навісае над чым‑н.; падстрэшак. Адзін з прыезджых, якія стаялі пад прыдашкам, дзе вісеў станцыйны звон, перахрысціўся і расхінуў пры гэтым свой башлык. Самуйлёнак.

прыдба́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Прыдбаны, набыты. Густы водар гародаў і гумнаў быў свежы, можа, больш, як калі, і цешыў душу чалавек прыдбалым за лета багаццем. Пташнікаў.