прыда́тны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які мае патрэбныя для чаго‑н. якасці; прыгодны. Прыдатны для яды. Прыдатная для апрацоўкі зямля. □ Па яго [дзеда] выходзіла, што кожнае дрэва прыдатнае на што-небудзь адно: вось з гэта[й] сасны вокны б сухія былі. Мыслівец. Іван Маслуда сярдзіта накінуўся на Ігната: — А табе нечага пад’язджаць. Не да усякай справы прыдатны твае жарты. Лынькоў. // Які падыходзіць для каго‑, чаго‑н., адпаведны. Прыдатная кандыдатура. Прыдатны для работы час. □ Каб я зусім не заглух у вёсцы, сябры пачалі клікаць мяне ў Мінск, абяцаючы падшукаць прыдатную работу. Крапіва. Месяцы са два я не вылазіў з дому. Стукацеў на машынцы, кідаўся з кутка ў куток па пакоі, шукаючы прыдатнага слова. Сабаленка. // Здольны, здатны да чаго‑н., на што‑н. Дзед Сёмка маленькі, вяртлявы, Бародка як моху касмык, Прыдатны на смешныя справы. Вядомы дзівак-жартаўнік. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)