Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыгуме́нне, ‑я, н.

Месца, плошча каля гумна. [Рыгор] падаўся ў двор, прайшоў на прыгуменне і ціхом адчыніў гуменныя дзверы. Чорны. Бацька і Хведзька былі на прыгуменні, ладзілі капец. Мележ.

прыгуме́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прыгумення, знаходзіцца на прыгуменні. [Чалавек] пайшоў, прыгнуўшыся, да прыгуменных вагарадзей. Чорны.

прыгуме́нь, ‑ю, м.

Абл. Тое, што і прыгуменне. Дзядзька Марцін кінуў рэзаць сечку і выйшаў на прыгумень. Колас.

прыдабы́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыдабыць.

прыдабы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак., каго-што.

Разм. Дабыць, прыдбаць што‑н. (звычайна з цяжкасцю); раздабыць. — Пасядзеў бы без хлеба, а каня ніштаватага прыдабыў бы! Чорны.

прыдава́цца 1, ‑даюся, ‑даешся, ‑даецца.

Незак. да прыдацца ​1.

прыдава́цца 2, ‑даецца; незак.

1. Незак. да прыдацца ​2.

2. Зал. да прыдаваць.

прыдава́ць, ‑даю, ‑даеш, ‑дае.

Незак. да прыдаць.

прыда́дзены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыдаць.

прыдаро́жжа, ‑а, н.

Месца паабапал дарогі. Наплываюць з прыдарожжа пахі вясковага вечара — натапыранага альховага лісця. Пташнікаў. Усё гудуць на прыдарожжы Тэлеграфныя слупы. Прыходзька.

прыдаро́жны, ‑ая, ‑ае.

Які размяшчаецца паабапал, каля дарогі. Маўкліва стаялі старыя прыдарожныя бярозы, раняючы долу першае пажоўклае лісце. Хадкевіч. Прайшоўшы якую сотню крокаў, [Самцэвіч] садзіўся на прыдарожны камень ці на купіну, клаў блакнот на калені і рабіў замалёўкі. Шахавец.