Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уздры́гванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. уздрыгваць — уздрыгануць, уздрыгнуць.

уздры́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уздрыгануць, уздрыгнуць.

уздрыгну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Уздрыгнуць; здрыгануцца; задрыжаць. Вусцішна Зосі адной паміж лесу. Гатоў яшчэ воўк высунуцца ці ліхі чалавек. Дзе што шасне, яна ўздрыгнецца. Крапіва. Язэп Крушынскі ўздрыгнуўся праз сон. Бядуля. // Хутка і рэзка змяніцца на момант (пра голас, выраз твару і пад.). Голас дзяўчыны ўздрыгнуўся ад хвалявання. // перан. Затрымцець. Ад болю ўздрыгнуцца бары. Зямлю цень засцеле. Смагаровіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Скалануцца, страсянуцца; задрыжаць. Пушка вытыркнулася .. з-за куста і, уздрыгнуўшыся, грымнула. М. Ткачоў. Стаяць нерухомыя дрэвы, ні адна галінка на іх не ўздрыгнецца. Сяргейчык.

уздрыгну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Здрыгануцца; задрыжаць. Стары ўздрыгнуў. Яму здалося, што запыталіся ўсе трое разам. Лупсякоў. Адкрыў [Мікола] вочы і ўвесь уздрыгнуў ад радасці — перад ім стаяла Маечка. Краўчанка. Бусел, які дагэтага стаяў нерухома, уздрыгнуў і хутка паклыпаў насустрач. Аляхновіч. / Пра часткі цела, голас і пад. Але голас .. [Фені] сцішэў і прыкметна ўздрыгнуў. Ракітны. У .. [выкладчыка] ўздрыгнуў левы край рота і левае вока, ён адышоўся і не прамовіў ні слова. Ермаловіч. Уздрыгнулі шырокія бровы, страпянуліся вейкі. Глебка. // перан. Затрымцець. Былі сярод прачытаных слоў і незразумелыя, але сэрца ўздрыгнула, нібы адчула важнасць таго, што даручыў .. [Мані] брат. Місько.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Тое, што і уздрыгнуцца (у 2 знач.). [Каця] ўключыла матор. Трактар уздрыгнуў і пачаў паволі рухацца. Чарнышэвіч. Шыбы ўздрыгнулі ціха і тонка. Арочка. Пракаціўся гром — аж зямля ўздрыгнула. Мыслівец. // Ускалыхнуцца, гайдануцца (пра агонь, полымя і пад.). Полымя на экране ўздрыгнула і патухла. Гамолка. Раз раніцой, калі ўсміхнулася сонца з-за лесу і дзед Панкрат выйшаў з хаты запрагаць сівага,.. — уздрыгнула нешта паветра, нібы хто кашлянуў чыгунным горлам дзесьці далёка-далёка. Лынькоў.

узду́жаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Вырасці, стаць дужым. Уздужалі птушаняты і вылецелі з гнязда. // Паправіцца, паздаравець. Антосіха, як уздужала, таксама хадзіла да Агаты — пасядзець з людзьмі, пагаманіць. Жук.

уздужа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да узду́жаць.

узду́мацца, ‑аецца; безас. зак.

Нечакана, раптам прыйсці ў галаву, захацецца. [Яраш] не разумеў самога сябе — чаму раптам уздумалася адгаворваць сябра ад такой пачэснай і высакароднай справы? Шамякін. [Хлапчуком] проста хацелася пабегаць па маёнтку там, дзе ўздумаецца. Пальчэўскі.

узду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Нечакана задумаць, захацець зрабіць што‑н. — Не ўздумайце страляць, — крыкнуў праваднік. — Мы партызаны. Вядзіце нас да начальства. Новікаў. Мажэйка вырашыў рашуча адбівацца ад усіх, хто ўздумае на яго нападаць. Шахавец. // Надумаць. — З інспектарам аблана Віктарам Кучэрыным нам даводзілася ездзіць даволі часта, і паміж намі ўстанавілася такая блізкасць, пры якой кожны меў права распытваць другога, што толькі ўздумае. Карпюк.

2. каго-што і з дадан. сказам. Разм. Успомніць, прыпомніць. Маці .. ніяк не магла ўспомніць і выгаварыць сынава імя. Возьме дзіця на рукі, а як зваць, не ўздумае. Васілевіч. Хацела [Алена] запрасіць: «Прыходзьце вы да нас», але ўздумала, што не яна гаспадыня тут, — Ядзя павінна запрашаць. Лось.

узду́мвацца, ‑аецца.

Незак. да уздумацца.

узду́мваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уздумаць (у 2 знач.).

узду́тасць, ‑і, ж.

Тое, што і уздуцце.