прыга́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Разм.
1. Падгарэлае месца на чым‑н. печаным, смажаным, вараным (у печы, духоўцы). Прыгарка на кашы. Бульба з прыгаркамі.
2. Спец. Тое, што прыстала, прыгарэла да паверхні чаго‑н. (у час апрацоўкі агнём); прыгар.
прыгарну́цца, ‑гарнуся, ‑горнешся, ‑горнецца; зак.
З ласкаю, пяшчотай прытуліцца да каго‑н. Я ўзяў на рукі маленькую Верачку.., прыгарнуўся шчакой да поўнай, ружовай шчочкі.. дзяўчынкі. Брыль. — Не ведаю, не ведаю, любы, — сказала.. [Алена] і прыгарнулася блізенька-блізенька да Івана. Сабаленка. // перан. Разм. Прыблізіцца, прымкнуць, далучыцца да каго‑, чаго‑н. Можа да калгаса прыгарнуся. Я на ўсе рукі, браток, майстар. Грамовіч.
прыгарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак.
1. што. Прыгрэбці, наблізіць да чаго‑н., сабраць каля чаго‑н. Прыгарнуць жар у печы да чыгуноў. □ А яны [дружбакі] ляжаць маўкліва, Быццам моцным сном заснулі, І зямлю з травою разам Пад галовы прыгарнулі. Калачынскі. // чым. Прыкрыць, прысылаць чым‑н. Прыгарнуць зямлёй карэнне. □ Сцёпка разварушыў вогнішча і прыгарнуў бульбу вуголлем. П. Ткачоў.
2. каго. З ласкаю, пяшчотаю прытуліць да сябе. Дубіцкі адной рукой прыгарнуў .. [жонку] да сябе, другой гладзіў яе валасы. Чарнышэвіч. Сарамліва .. [Марына] падышла да бацькі, і ён, прыгнуўшыся, прыгарнуў яе да сваіх грудзей. Чорны. Ніна смяецца. А мне так хочацца ўзяць яе на рукі, прыгарнуць, сказаць: «Ах, як добра, што ты будзеш жыць!..» Брыль. // перан. Аднесціся да каго‑н. добразычліва, спагадліва. — Для каго ж мы .. [Полю] гадавалі? Падабралі, прыгарнулі, прынялі ў сям’ю, як родную. Арочка. Можа, яшчэ хто з іх [суседзяў] прыйдзе дамоў, Каб паглядзець на прасторы палёў,.. Каб запытаць у сваіх у сірот, Як прытуліў, прыгарнуў іх народ. Танк. // перан. Прыблізіць, далучыць да сябе. Новага чалавека ў звяне стараліся прыгарнуць к сабе, спагадліва вучылі кожнай дробязі ў працы. Ермаловіч.
3. перан.; што. Разм. Завалодаць чым‑н., прысвоіць. — Канешне, мала табе — ты яшчэ і Едкавага [дабра] прыгарнуў! Скрыган. Ці тыя людзі ўсе паснулі, Якім зямелька трэба пільна?.. Ой, каб яна была прыхільна, Яе б даўно ўжо прыгарнулі. Колас.
прыгаро́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыгарадзіць.
прыгаро́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыгарадзіць.
пры́гаршчы, ‑аў; адз. няма.
1. Абедзве далоні з прыгнутымі пальцамі, складзеныя так, каб імі можна было што‑н. набраць, зачэрпаць, трымаць і пад. Падставіць прыгаршчы. □ Чалавек супакоіўся, дастаў папяросу і, хаваючы запалку ў прыгаршчы, прыкурыў. Крапіва. Памыўшыся, .. [Іван] набраў у прыгаршчы вады і здалёк размашыста пырснуў на .. [Джулію]. Быкаў.
2. Колькасць чаго‑н., якая ўмяшчаецца або можа ўмясціцца ў складзеныя такім чынам далоні. Хто квас ім [салдатам] падносіў, Хто прыгаршчы ягад, — Прагнаць неадступную Летнюю смагу. Танк. [Волька] выграбла ямку на ўзгорку, узяла ў анучку з прыгаршчы зямлі і пайшла адтуль напрасткі ў МТС да агранома. Кулакоўскі. Васіль Хамутоўскі схапіў з-пад лавы торбачку і... рукі яго бяссільна апусціліся. Мукі заставалася прыгаршчаў двое, не больш. Курто.
прыгарэ́лы, ‑ая, ‑ае.
Які прыгарэў, падпаліўся. — У цябе ж тут ліха ведае што! — аддзіраючы ад патэльні прыгарэлыя скваркі, бурчаў Мікіта. Стаховіч.
прыгарэ́ць, ‑рыць; зак.
1. Трохі абгарэць, абвугліцца (пра што‑н. печанае, смажанае); падпаліцца. Бульба прыгарэла. Блін прыгарэў. // Падгарэўшы, пачаць пахнуць дымам, гарам. Малако прыгарэла. // Прыстаць, прыліпнуць да чаго‑н. (пры варцы, кіпячэнні і пад.). Каша прыгарэла да гаршка.
2. Спец. Прыстаць да чаго‑н. (пры апрацоўцы агнём). Шлак прыгарэў да рашоткі.
прыга́слы, ‑ая, ‑ае.
Які прыгас, прытух. Безліч агеньчыкаў стала па краях прыгаслага шырачэзнага вогнішча. Кулакоўскі.