прыгаршчы, ‑аў; адз. няма.

1. Абедзве далоні з прыгнутымі пальцамі, складзеныя так, каб імі можна было што‑н. набраць, зачэрпаць, трымаць і пад. Падставіць прыгаршчы. ▪ Чалавек супакоіўся, дастаў папяросу і, хаваючы запалку ў прыгаршчы, прыкурыў. Крапіва. Памыўшыся, .. [Іван] набраў у прыгаршчы вады і здалёк размашыста пырснуў на .. [Джулію]. Быкаў.

2. Колькасць чаго‑н., якая ўмяшчаецца або можа ўмясціцца ў складзеныя такім чынам далоні. Хто квас ім [салдатам] падносіў, Хто прыгаршчы ягад, — Прагнаць неадступную Летнюю смагу. Танк. [Волька] выграбла ямку на ўзгорку, узяла ў анучку з прыгаршчы зямлі і пайшла адтуль напрасткі ў МТС да агранома. Кулакоўскі. Васіль Хамутоўскі схапіў з-пад лавы торбачку і... рукі яго бяссільна апусціліся. Мукі заставалася прыгаршчаў двое, не больш. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)