Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыганя́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да прыганяць.

прыганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. Незак. да прыгнаць.

2. Разм. Прымушаць, падахвочваць што‑н. рабіць. Любу не прыганялі дома рабіць. Мурашка. — Пі, сынку, еш, сынку, — прыганяла мяне Вара. — Хіба ж такія госці ў нас часта бываюць? Сабаленка.

прыга́р, ‑у, м.

Абл. Прысмак, пах дыму або гару. А вецер з душой непрыкаянай Еў вочы прыгарам горкім. Звонак.

прыга́р, ‑а, м.

Спец. Тое, што прыстала, прыгарэла да паверхні чаго‑н. (у час апрацоўкі агнём). Дэталь з прыгарам. Адліўка без прыгара.

пры́гарад, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Населены пункт, размешчаны паблізу вялікага горада, побач з горадам. Прыгарады Мінска. □ Праз белую заслону мільгалі збудаванні прыгарадаў: невыразныя абрысы цагляных будынкаў, коміны, парніковыя рамы каля самай дарогі. Шамякін. Справа і злева зазелянелі садзікі, у якіх туліліся невялікія дамы прыгарада. Корбан.

2. У старажытнай Русі — горад, пасяленне, якія адміністрацыйна і эканамічна падпарадкоўваюцца другому, больш буйнаму гораду. Прыгарады Вялікага Ноўгарада.

прыгарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., што.

Абгарадзіўшы, далучыць да чаго‑н. Прыгарадзіць участак зямлі да двара. Прыгарадзіць дзялянку да саду.

пры́гарадны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да прыгарада; знаходзіцца ў прыгарадзе. Прыгарадныя жыхары. Прыгарадны завод. Прыгарадны раён. // Які знаходзіцца паблізу горада. Прыгарадны лес. Прыгарадная зона. □ Пачалася аблава па ўсім гарадку і па прыгарадных вёсках. Чорны.

2. Які мае адносіны да транспартных зносін паміж горадам і прыгарадам. Прыгарадныя касы. Прыгарадны поезд.

прыгара́ць, ‑ае.

Незак. да прыгарэць.

прыга́рваць, ‑ае.

Незак. да прыгарэць.

прыга́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм.

1. Падгарэлае месца на чым‑н. печаным, смажаным, вараным (у печы, духоўцы). Прыгарка на кашы. Бульба з прыгаркамі.

2. Спец. Тое, што прыстала, прыгарэла да паверхні чаго‑н. (у час апрацоўкі агнём); прыгар.

прыгарну́цца, ‑гарнуся, ‑горнешся, ‑горнецца; зак.

З ласкаю, пяшчотай прытуліцца да каго‑н. Я ўзяў на рукі маленькую Верачку.., прыгарнуўся шчакой да поўнай, ружовай шчочкі.. дзяўчынкі. Брыль. — Не ведаю, не ведаю, любы, — сказала.. [Алена] і прыгарнулася блізенька-блізенька да Івана. Сабаленка. // перан. Разм. Прыблізіцца, прымкнуць, далучыцца да каго‑, чаго‑н. Можа да калгаса прыгарнуся. Я на ўсе рукі, браток, майстар. Грамовіч.