Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыгажу́ня, ‑і, ж.

1. Прыгожая жанчына. Сама Таня, стройная прыгажуня, сядзела за сваім сталом, бразгаючы лічыльнікамі і зрэдку прыслухоўваючыся да размоў. Лупсякоў. Насця Рагіна карысталася славай прыгажуні на ўвесь сельсавет. Шамякін. // Разм. У звароце да жанчыны або дзяўчыны. Сядзіць у малым пакойчыку дзяўчына з русымі косамі. Загледзеўся Іван на яе. — Хто ты будзеш, прыгажуня? — пытаецца. Якімовіч.

2. Аб кім‑, чым‑н. прыгожым. Пад паплаўком, у тым таямнічым падводным царстве, куды патанула прынада, прачнулася ўжо далікатная прыгажуня плотка. Брыль. Я спяваў аб роднай пушчы, Аб ялінах-прыгажунях, А згадаў ён пальмаў засень, Сцежкі тыгравыя ў джунглях. Гілевіч.

•••

Пісаная прыгажуня — вельмі прыгожая, такая, як на малюнку.

прыгажэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

Станавіцца прыгожым, прыгажэйшым. Хачу, Каб раслі зноў і сосны і клёны І край прыгажэў мой штогод. Прыходзька. — І чаго ты такі сур’ёзны выгляд робіш, — жартавала з.. [Тані] Ніна .. Усміхніся лепш — зусім іншай станеш. Таня не вытрымлівала, усміхалася і сапраўды прыгажэла. Шахавец.

прыгаі́цца, ‑гоіцца; зак.

Разм. Загаіцца няпоўнасцю, трохі; падгаіцца. Шчыміць барада, дзе [Леанід] збіў скуру. Памацаць пальцамі, — здаецца, прыгаілася. Але ж не паказвацца такому ноччу ў хату. Пташнікаў.

прыгаі́ць, ‑гаю, ‑гоіш, ‑гоіць; зак., што.

Разм. Загаіць няпоўнасцю, трохі; падгаіць. Прыгаіць раны.

прыгало́ўе, ‑я, н.

Месца на пасцелі, ложку, куды кладуцца галавой; узгалоўе.

прыгалу́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго.

Нар.-паэт. Прылашчыць. Маці, баючыся раззлаваць бацьку ці не патрапіць яму, не адважваецца нават прыгалубіць.. [Лёдзю], а калі і галубіць, дык употай. Карпаў. Праўда, Пецю.. [айчым] ніколі не прыгалубіў, як бацька, не цікавіўся яго справамі, але і не быў грубы з ім у абыходжанні. Няхай.

прыгалу́блены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыгалубіць.

прыгалу́бліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыгалубіць.

прыга́на, ‑ы, ж.

Абл. Які‑н. недахоп; загана. Абы прыгана — усё на Сцяпана. Прымаўка.

прыганя́ты, ‑ага, м.

Слуга памешчыка, які наглядаў за працай сялян у час прыгону; цівун. Шмат чаго бачылі на сваім вяку старыя бярэзіны. Бачылі, як сцябаў селяніна бізуном панскі прыганяты. Галавач. // Разм. Наглядчык. Калючы дрот фашысцкіх канцлагераў, катаванні, голад, здзекі, парабкоўства ў нямецкіх прыганятых — усё гэта давялося паспытаць, «вывучыць» аўтару. «Полымя».