Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прывяча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прывеціць.

прыгаблёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыгабляваць.

прыгаблява́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыгабляваць.

прыгаблява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.

Абгабляваўшы, падгабляваўшы, падагнаць, дапасаваць да чаго‑н. Прыгабляваць аконную раму.

прыгавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑верыць; зак., каго-што.

1. Вынесці прыгавор, назначыць якое‑н. пакаранне. Прыгаварыць да расстрэлу. □ Марціна судзілі ў лютым. Прыгаварылі да сямі гадоў пазбаўлення волі. Чарнышэвіч.

2. з інф. Разм. Рашыць, вырашыць.

3. Разм. Дамовіцца з кім‑н. аб чым‑н.; угаварыць каго‑н. зрабіць што‑н. Галена дзве гадзіны стаяла на вялікай дарозе, кіламетраў за два ад Пераброддзя. І такі прыгаварыла падарожнага шафёра, што якраз гнаў машыну яшчэ далей за Перавоз. Чорны.

4. Уст. Прываражыць, прывярнуць.

прыгаво́р, ‑у, м.

1. Рашэнне суда па якой‑н. справе. Па прыгавору ваеннага трыбунала з .. [Жучкова] знялі афіцэрскія пагоны і накіравалі ў штрафны батальён. Корбан. Пакуль чыталі прыгавор, .. [К. Каліноўскі] спакойна і мужна пазіраў на людскі натоўп. С. Александровіч.

2. Рашэнне, пастанова якой‑н. арганізацыі. Партызаны вынеслі смяротны прыгавор каменданту суседняга мястэчка, нейкаму пану фон Губерту. Краўчанка. // Рашэнне, меркаванне па якому‑н. пытанню; ацэнка чаго‑н. Вось і скончана ўсё: Для пачуццяў маіх Прыгавор ты выносіш суровы... Тарас.

3. звычайна мн. (прыгаво́ры, ‑аў). Словы, якімі суправаджаюць якое‑н. дзеянне. [Жанчына] неяк усміхнулася, ажыла.. і пачала свае старыя прыгаворы нанава. — А вы ў Грыні? Ды і я ж у Грыні. Да сястры сваёй, да Раіны... Пташнікаў. Адтуль [з пакоя] чуліся стогны Ніны, прыгаворы Гарпіны. Галавач.

4. Уст. Варажба, чараўніцтва.

прыгаво́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыгаварыць.

2. у знач. наз. прыгаво́раны, ‑ага, м.; прыгаво́раная, ‑ай, ж. Той (тая), хто прыгавораны судом да якой‑н. кары. Усе глядзелі на прыгавораных. Шашкоў.

прыгаво́рвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да прыгаворваць (у 1 знач.).

прыгаво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да прыгаварыць.

2. Гаварыць, суправаджаючы якое‑н. дзеянне. Не зважаючы ні на што і ні на каго, .. [Алік] катаў па вуліцы малога і прыгаворваў яму розныя суцяшальныя словы. Кулакоўскі. — Не бойся, не бойся, дурненькі мой, — гладзячы ката, прыгаворваў хлопчык. Скрыпка.

прыгаво́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Вострыя, забаўныя словы, словазлучэнні, якія ўжываюцца для ажыўлення гаворкі, якога‑н. дзеяння; прымаўка. Некалькі жанчын і дзяўчат, са смехам і прыгаворкамі памагаючы адна адной, узлазілі на прычэп. Хадкевіч.