Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыга́на, ‑ы, ж.

Абл. Які‑н. недахоп; загана. Абы прыгана — усё на Сцяпана. Прымаўка.

прыганя́ты, ‑ага, м.

Слуга памешчыка, які наглядаў за працай сялян у час прыгону; цівун. Шмат чаго бачылі на сваім вяку старыя бярэзіны. Бачылі, як сцябаў селяніна бізуном панскі прыганяты. Галавач. // Разм. Наглядчык. Калючы дрот фашысцкіх канцлагераў, катаванні, голад, здзекі, парабкоўства ў нямецкіх прыганятых — усё гэта давялося паспытаць, «вывучыць» аўтару. «Полымя».

прыганя́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да прыганяць.

прыганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. Незак. да прыгнаць.

2. Разм. Прымушаць, падахвочваць што‑н. рабіць. Любу не прыганялі дома рабіць. Мурашка. — Пі, сынку, еш, сынку, — прыганяла мяне Вара. — Хіба ж такія госці ў нас часта бываюць? Сабаленка.

прыга́р, ‑у, м.

Абл. Прысмак, пах дыму або гару. А вецер з душой непрыкаянай Еў вочы прыгарам горкім. Звонак.

прыга́р, ‑а, м.

Спец. Тое, што прыстала, прыгарэла да паверхні чаго‑н. (у час апрацоўкі агнём). Дэталь з прыгарам. Адліўка без прыгара.

пры́гарад, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Населены пункт, размешчаны паблізу вялікага горада, побач з горадам. Прыгарады Мінска. □ Праз белую заслону мільгалі збудаванні прыгарадаў: невыразныя абрысы цагляных будынкаў, коміны, парніковыя рамы каля самай дарогі. Шамякін. Справа і злева зазелянелі садзікі, у якіх туліліся невялікія дамы прыгарада. Корбан.

2. У старажытнай Русі — горад, пасяленне, якія адміністрацыйна і эканамічна падпарадкоўваюцца другому, больш буйнаму гораду. Прыгарады Вялікага Ноўгарада.

прыгарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., што.

Абгарадзіўшы, далучыць да чаго‑н. Прыгарадзіць участак зямлі да двара. Прыгарадзіць дзялянку да саду.

пры́гарадны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да прыгарада; знаходзіцца ў прыгарадзе. Прыгарадныя жыхары. Прыгарадны завод. Прыгарадны раён. // Які знаходзіцца паблізу горада. Прыгарадны лес. Прыгарадная зона. □ Пачалася аблава па ўсім гарадку і па прыгарадных вёсках. Чорны.

2. Які мае адносіны да транспартных зносін паміж горадам і прыгарадам. Прыгарадныя касы. Прыгарадны поезд.

прыгара́ць, ‑ае.

Незак. да прыгарэць.

прыга́рваць, ‑ае.

Незак. да прыгарэць.