прывілеява́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае прывілеі, карыстаецца імі. Наведвальнікаў .. [у аптэцы] было мала, бо ёю карысталіся пераважна прывілеяваныя кліенты — работнікі ўправы, паліцыі і іншых акупацыйных устаноў. Няхай. // Які дае некаторыя прывілеі. Прывілеяванае становішча. □ Адна ў адным была Вера паслядоўнай — не служыць фашыстам сваёй прафесіяй, не працаваць на якой-небудзь прывілеяванай рабоце добраахвотна. Мікуліч.
прывіта́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прывітання, звязаны з прывітаннем. // Які з’яўляецца прывітаннем, змяшчае ў сабе прывітанне. Прывітальная прамова. Прывітальны адрас. Прывітальная тэлеграма. □ [Алеся] ловіць мой позірк і прывітальны жэст рукі і з непаўторным хараством ківае галавой — вітаецца. Брыль.
прывіта́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прывітаць.
2. Словы, рух, жэст, звернутыя да каго‑н. пры сустрэчы, як знак добразычлівасці, дружалюбнасці. — Дзень добры, рабяты! — Вучні дружна адказалі на прывітанне. Гамолка. Пасля першых прывітанняў абодва знайшлі агульную тэму. Васілевіч. Паперадзе Ігнат Струміла — кіўком галавы абменьваецца прывітаннем. Гартны. // Разм. Зварот да блізкага знаёмага пры сустрэчы. — Прывітанне, Анёлак! — засмяяўся Кастусь, успомніўшы ўчарашняе. Ваданосаў. — А-а, масквічкі! Ну, прывітанне, прывітанне! Рады вас бачыць на беларускай зямлі. Шчарбатаў.
3. Вусны або пісьмовы зварот да каго‑н., у якім выказваецца адабрэнне, добразычлівасць, пахвала. Прывітанне юбіляру. Прывітанне з’езду камсамола. □ Ка мне ў госці з прывітаннем шчырым І з песнямі калгаснікі прыйшлі. Купала. [Паўтарак:] Я перадам гэта пісьмо і ваша гарачае прывітанне будаўнікам Волга-Дона. Крапіва.
4. Сяброўскае пажаданне каму‑н. ад каго‑н. [Камандзір] перадаў мне прывітанне ад сяброў і знаёмых. Краўчанка. Ляці, мая песня, як сокал крылаты, Нясі прывітанне заходняму брату. А. Александровіч.
•••
З (камуністычным, сяброўскім і г. д.) прывітаннем — заключная форма ліста да каго‑н.
прывіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Звярнуцца з прывітаннем пры сустрэчы з кім‑н.; паздароўкацца. Стуку дзвярэй ніхто з іх не пачуў, і ўсе здзіўлена азірнуліся, калі Паходня падышоў да стала і прывітаўся. Хадкевіч. — Дзень добры, Павел Сяргеевіч, — прывітаўся.. [Сярожа] і працягнуў Паўлу чорную руку. — Ну як вам падабаецца ў нас? — Шахавец.
прывіта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Выказаць прывітанне пры сустрэчы (словамі, жэстам і пад.) — Добры вечар вам, — прывітаў хату Пракоп і засмяяўся. Колас. Убачыўшы лейтэнанта, абодва [салдаты] .. выструніліся і прывіталі яго. Мележ. Цімка .. прывітаў Раю паднятай рукой. Карпаў.
2. Звярнуцца да каго‑н. з прамовай, словамі прывітання (звычайна з прычыны якой‑н. радаснай падзеі). Прывітаць дэлегатаў з’езда. □ Ён [камбайнер] сышоў з свайго камбайна, рады. Прывітаў з дажынкамі дзяўчат... Смагаровіч.
прыві́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прывіць.
прыві́цца, прыўецца; пр. прывіўся, ‑вілася, ‑лося; зак.
Замацавацца, укараніцца, стаць звычайным. Ні класіцызм, ні рамантызм, ні сентыменталізм як творчыя метады не прывіліся ў беларускай літаратуры. «Полымя». Вось недзе ў часе вандровак і прывілося роду Абрама прозвішча Плотка. Пестрак.
прывіццё, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прывіваць — прывіць.
прыві́ць, прыўю, прыўеш, прыўе; прыўём, прыўяце; пр. прывіў, ‑віла, ‑ло; заг. прыві; зак., што.
Прымусіць засвоіць, надаць (якую‑н. уласцівасць, звычку і пад.). Прывіць навыкі самастойнай працы. Прывіць правільныя погляды.
прыво́д 1, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прыводзіць — прывесці (у 1 знач.).
2. Спец. Прымусовая дастаўка каго‑н. (абвінавачанага, сведкі і пад.) у выпадку адмаўлення прыйсці добраахвотна. // Арышт, затрыманне з дастаўкай у органы міліцыі або ў месца папярэдняга зняволення. Хуліган меў некалькі прыводаў.
прыво́д 2, ‑а, М ‑дзе, м.
Прылада для прывядзення ў рух якой‑н. машыны, механізма і пад. Электрычны прывод. Конны прывод. // Частка такой прылады ў выглядзе суцэльнага раменнага паса, які злучае машыну, механізм, станок і пад. з крыніцай энергіі. Дрэвы спілоўвалі і ручным спосабам і піламі з прыводам ад невялічкага маторчыка. Гарэцкі.