прывіта́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прывітаць.
2. Словы, рух, жэст, звернутыя да каго‑н. пры сустрэчы, як знак добразычлівасці, дружалюбнасці. — Дзень добры, рабяты! — Вучні дружна адказалі на прывітанне. Гамолка. Пасля першых прывітанняў абодва знайшлі агульную тэму. Васілевіч. Паперадзе Ігнат Струміла — кіўком галавы абменьваецца прывітаннем. Гартны. // Разм. Зварот да блізкага знаёмага пры сустрэчы. — Прывітанне, Анёлак! — засмяяўся Кастусь, успомніўшы ўчарашняе. Ваданосаў. — А-а, масквічкі! Ну, прывітанне, прывітанне! Рады вас бачыць на беларускай зямлі. Шчарбатаў.
3. Вусны або пісьмовы зварот да каго‑н., у якім выказваецца адабрэнне, добразычлівасць, пахвала. Прывітанне юбіляру. Прывітанне з’езду камсамола. □ Ка мне ў госці з прывітаннем шчырым І з песнямі калгаснікі прыйшлі. Купала. [Паўтарак:] Я перадам гэта пісьмо і ваша гарачае прывітанне будаўнікам Волга-Дона. Крапіва.
4. Сяброўскае пажаданне каму‑н. ад каго‑н. [Камандзір] перадаў мне прывітанне ад сяброў і знаёмых. Краўчанка. Ляці, мая песня, як сокал крылаты, Нясі прывітанне заходняму брату. А. Александровіч.
•••
З (камуністычным, сяброўскім і г. д.) прывітаннем — заключная форма ліста да каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)