Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зарубцо́ўвацца, ‑аецца.

Незак. да зарубцавацца.

зарудзе́лы, ‑ая, ‑ае.

Які зарудзеў, зрабіўся рудым. Зарудзелы каўнер сарочкі. □ Бацька прыпаліў люльку, разы са тры чмыхнуў .., разглядаючы зарудзелыя ад табакі пальцы. Савіцкі.

зарудзе́цца, ‑еецца; зак.

Тое, што і зарудзець. Валасы ад сонца наперадзе зарудзеліся. Мележ.

зарудзе́ць, ‑ее; зак.

Разм. Зрабіцца рудым; зрудзець. Папера ад сонца зарудзела.

заружаве́лы, ‑ая, ‑ае.

Які заружавеў, зрабіўся ружовым. На фоне заружавелай каронкі неба вырысоўваліся сілуэты будынкаў і калодзежных жураўлёў. М. Ткачоў.

заружаве́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; зак.

Разм. Тое, што і заружавець. Учора нанач вецер сціх, заружавелася на захадзе неба, памацнеў холад, паказвала на мароз. Пташнікаў. Шчокі .. [Алесі] заружавеліся яшчэ больш, і яна выступіла наперад, каб папрасіць слова. Пестрак.

заружаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць ружовым, паружавець. На ўсходзе заружавела неба: канчалася кароткая летняя ноч. Шамякін. // Пакрыцца румянцам. — Разумею, Васіль Цімафеевіч, — збянтэжана адказала жанчына, мімаволі ўстаючы. Маленькія вушы яе крыху заружавелі. Мележ.

зару́ка, ‑і, ДМ ‑руцы, ж.

Залог, гарантыя. Адно толькі цешыла сэрца: народ не хоча змірыцца з такім ладам. І ў гэтым — зарука перамогі. Колас. Зарука творчых поспехаў савецкай літаратуры ў шчыльнай, самай цеснай сувязі пісьменнікаў з практыкай сацыялістычнага будаўніцтва. Галавач.

зарулі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

1. што. Завесці самалёт па зямлі ў пэўнае месца (перад узлётам або пасля пасадкі). [Звераў] заруліў самалёт на суседнюю стаянку, а цяпер скінуў парашут і расшпільваў шлемафон. Алешка.

2. Закаціцца па зямлі ў пэўнае месца (пра самалёт). Самалёт заруліў на ўзлётную паласу.

зару́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да. заруліць.