Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

улада́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які валодае правам наследавання ўлады. Уладарны князь.

2. Схільны загадваць, падначальваць сабе. Уладарны характар. □ [Старшыня] усклаў важкія кулакі на стол і, прыняўшы паставу ўладарнага кіраўніка, абвясціў Лямзікаву..: — Значыць, як дамовіліся. Быкаў. // Які выражае загад; настойлівы, патрабавальны. Калі мы з Сяргеем памкнуліся бегчы разам з усімі, пачуўся ўладарны голас Кімы: — Радысты, назад! Няхай. // Здольны рабіць моцны ўплыў на каго‑н. Уладарная прыгажосць.

3. перан. Неадольны, усемагутны. Уладарны наступ вясны. □ Уладарная сіла яго, гэтага аптымізму, як той незгасальны агеньчык, цяплілася недзе глыбока ў душы і сагравала неспакойную, прагную да ведаў, натуру юнака. Майхровіч.

улада́рства, ‑а, н.

1. Вярхоўная ўлада, панаванне.

2. Нерухомая маёмасць, якой валодаюць як уласнасцю; уладанне (у 3 знач.). Пану Гюнтэру Ліндэ трэба было аб’ездзіць усе трыццаць гектараў свайго ўладарства. Бядуля.

улада́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. Правіць краінай, дзяржавай; быць уладаром, мець уладу над кім‑, чым‑н. Уладарыць над прыродай. □ Старая ўладарыла .. [у доме] і пачынала кожны новы дзень трохі не пасярод ночы. Шамякін. Пачалі глядзець навокал мы далёка і глыбока. Уладарым у паветры, зазірнулі мы і ў нетры. Дубоўка.

2. перан. Панаваць, займаць пануючае становішча. Над зямлёю восень уладарыць. Азірае пожні і бары. Ляпёшкін. І толькі ў буру-непагоду, Калі ўладарыць шторм адзін, Парою з дна марскога воды На бераг выплеснуць бурштын. Тарас. За акном стоена і ціха ўладарыла зімовая ноч. М. Стральцоў.

улада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Мець у сваёй уласнасці, распараджацца кім‑, чым‑н. Уладаць крыніцамі сыравіны. □ [Чалавек:] — Не відаць ні табе, ні такім, як ты, беднякам дабра да таго часу, пакуль цар і багацеі ўсім будуць уладаць і ў сваіх руках уладу трымаць. Якімовіч.

2. Мець якія‑н. якасці, уласцівасці. [Старэйшая дзяўчына] ўладала тым хараством вобліку, калі не замінае нічога лішняга, нічога не дадасі і нічога не паправіш. Лужанін.

3. Дзейнічаць, рухаць часткамі свайго цела. [Салдат:] «І нага сапсавана, і правай рукой я, на ліха, бадай не ўладаю...» Дубоўка.

4. перан. Трымаць у сваёй уладзе; ахопліваць (пра пачуцці, думкі і пад.). Многа яшчэ дзён туляўся .. [Адам] паблізу свайго дома, але ні разу не зайшоў пабачыцца з бацькам: страх быць злоўленым уладаў ім бесперапынна. Чорны. Адзінае пачуццё ўладала Загорскім: неўразуменне. Караткевіч.

ула́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уладзіць (у 1–3, 4 і 7 знач.).

ула́джванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. уладжваць — уладзіць (у 1–3 і 7 знач.).

ула́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да уладзіцца.

2. Зал. да уладжваць.

ула́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уладзіць (у 1–5 і 7 знач.).

ула́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

1. Станоўча вырашыцца, ажыццявіцца; дайсці да ладу, наладзіцца. І нечакана лёгка ўсё ўладзілася як лепш не трэба. Скрыган. Анатоль .. пачаў развясельваць земляка: — Не бяры так блізка да сэрца, можа, яшчэ ўсё ўладзіцца і сыдзецеся зноў. Пальчэўскі. Думкі кожнага яшчэ беглі наўздагон за сябрамі .. Што іх чакае? Як уладзіцца іх лёс? .. Машара. // Ліквідавацца (пра непаразуменні). Уладзіўся канфлікт.

2. Асталявацца, стварыць неабходныя ўмовы для існавання; уладкавацца. Уладзіцца на кватэры. Уладзіцца з харчаваннем. □ У другім лісце Ліда напісала, што перайшла ў інтэрнат, і папрасіла грошай. Трэба ж было ўладзіцца на новым месцы. Чарнышэвіч. Зямлі пясчанай колькі хочаш, Будуйся, дзе табе зручней, Дзе болей вабіць твае вочы, Ты толькі ўладзіцца ўмей. Колас. // Размясціцца, прыстроіцца. Разаслаўшы плашчы на пясок, мы [турысты] таксама ўладзіліся на пляжы ля самага беражка прыбою. Лынькоў. Людзі ўцякалі. Хто паспеў сесці на цягнік, хто ўладзіўся на машыну, хто ішоў пехатою, закінуўшы на плечы хатуль. Арабей.

3. Разм. Паступіць на работу, вучобу, службу і пад., заняць якое‑н. месца, становішча. [Янку] хацелася сумленна ўладзіцца на працу, быць бліжэй да універсітэта. Асіпенка. Быў [бацька] і за кур’ера, і за швейцара, і за вартаўніка, а пасля ўладзіўся на хлебазавод, дзе і працаваў экспедытарам аж да пенсіі. Васілёнак. Ліда Данілава ўладзілася прасавальшчыцай сена на адной з .. фуражных баз. Брыль.

ула́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. што. Давесці да шчаслівага, жаданага канца якую‑н. справу. Антось і Ганна не знаходзяць, Што адказаць і што парадзіць І як пытанне гэта ўладзіць. Колас. — Я быў у лагеры, рускі, — кажа [базар] мне з відавочным задавальненнем, што ўсё яму давялося ўладзіць. — Ты будзеш тут, пакуль не паправішся... Ракітны. [Валерый] згадзіўся з’ездзіць у горад, уладзіць тое-сёе за прараба і запасціся бланкамі для справаздач. Б. Стральцоў. // Узгадніць, прымірыць, ліквідаваць (разыходжанні, супярэчнасці, непаразуменні і пад.). Сто чалавек — калектыў не маленькі. Каб усе працавалі ў поўную сілу, трэба і паставіць кожнага на сваё месца, і памагчы, калі спатрэбіцца, і канфлікт часам уладзіць. Палтаран. // з чым і без дап. Узяць на сябе вырашэнне чаго‑н., забеспячэнне чым‑н. [Гэля:] Зойдзем, Рыгор... Табе далёка ісці дамоў... Я ўладжу з начоўкаю. Гартны. [Галай:] — А што, каб табе тут астацца? Мясціны ціхія, а людзі добрыя. Га? Наконт кватэры не турбуйся, уладжу. Асіпенка.

2. каго. Стварыць неабходныя ўмовы для жыцця, існавання; уладкаваць. Гвозд запытаўся, ці добра яго, Зыбіна, уладзілі, якая ў яго кватэра, якая зарплата. Мележ.

3. каго. Разм. Змясціць, прыстроіць каго‑н. куды‑н.; даць месца для жылля і пад. Уладзіць хворага ў шпіталь. Уладзіць на кватэру. □ Муж палажыў .. [хворую жонку] ў бальніцу, дзяцей уладзіў у школу-інтэрнат... Лужанін. // Дапамагчы паступіць на работу, вучобу. Дзевяць дзён пайшло на тое, каб уладзіць Рыгора на працу. Гартны.

4. каго-што. Зручна размясціць, палажыць, паставіць і пад. Лёгка адкінуў [Васіль] ад другіх адну калоду, уладзіў, каб не круцілася, замахаў сякерай. Мележ. Джвучка адхінуўся ад стала і ўладзіў локці на падаконнік. Пташнікаў.

5. што. Разм. Арганізаваць якое‑н. мерапрыемства.

6. каму. Разм. Унаравіць, дагадзіць. [Іван Трахімавіч:] — Нешта я не памятаю ніводнага выпадку, каб табе ўладзіла хоць адна краўчыха. Корбан.

7. што. Разм. Прывесці ў належны парадак; наладзіць як след. Няма нікому забароны Уладзіць дом свой, дабрабыт. Май, васпан, толькі розум, спрыт І не выходзь з граніц закону. Колас. // Наладзіць, зрабіць прыгодным для работы, карыстання. [Крэмез:] — Станок уладзілі, а хлопцы ў мяне цяпер, як шалёныя, працуюць. Шынклер.

8. Разм. Паспець прыйсці, прыехаць куды‑н. у пэўны час, момант. Ехаў [Іван] дамоў і ўладзіў якраз на рада[ў]ніцу. Кудравец.