улада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Мець у сваёй уласнасці, распараджацца кім‑, чым‑н. Уладаць крыніцамі сыравіны. □ [Чалавек:] — Не відаць ні табе, ні такім, як ты, беднякам дабра да таго часу, пакуль цар і багацеі ўсім будуць уладаць і ў сваіх руках уладу трымаць. Якімовіч.

2. Мець якія‑н. якасці, уласцівасці. [Старэйшая дзяўчына] ўладала тым хараством вобліку, калі не замінае нічога лішняга, нічога не дадасі і нічога не паправіш. Лужанін.

3. Дзейнічаць, рухаць часткамі свайго цела. [Салдат:] «І нага сапсавана, і правай рукой я, на ліха, бадай не ўладаю...» Дубоўка.

4. перан. Трымаць у сваёй уладзе; ахопліваць (пра пачуцці, думкі і пад.). Многа яшчэ дзён туляўся .. [Адам] паблізу свайго дома, але ні разу не зайшоў пабачыцца з бацькам: страх быць злоўленым уладаў ім бесперапынна. Чорны. Адзінае пачуццё ўладала Загорскім: неўразуменне. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)